Супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі (ФСБ) Расеі затрымалі ў Менскім аэрапорце 29-гадовага грамадзяніна Расеі Яўгенія Ўбіраева. У Беларусь ён прыехаў падчас так званага візарану з Армэніі, паведамляе выданьне Sota.
У Расеі Яўгенія Ўбіраева абвінавачваюць у супрацоўніцтве з добраахвотніцкім падразьдзелам «Свабода Расеі», які ваюе на баку Ўкраіны. Спасылаючыся на сваякоў затрыманага, Sota адзначае, што ў пачатку 2022 году Ўбіраеў «перажываў за сяброў, якія жывуць ва Ўкраіне», таму «зьвярнуўся да легіёну „Свабода Расеі“, якому пераслаў фота і відэа „некалькіх вайсковых аб’ектаў і парковак“».
Сьцьвярджаецца, што пазьней «куратар прапанаваў Убіраеву зьмясьціць пад нечы аўтамабіль нейкую прыладу, намякнуўшы на яе выбуховы характар». Убіраеў адмовіўся, пасьля чаго меркаваны куратар нібыта пачаў яму пагражаць, што здасьць яго расейскім спэцслужбам. Яўгеній з жонкай неадкладна зьехалі з Расеі ў Армэнію.
У Армэніі расеец, як піша выданьне, «марна спрабаваў атрымаць замежны пашпарт», а праз 180 дзён быў вымушаны зьехаць з краіны, каб зрабіць так званы візаран (выезд за мяжу на кароткі час, каб «абнавіць» тэрмін дазволенага знаходжаньня ў краіне. — РС) і потым вярнуцца «для далейшага легальнага жыхарства ў Ерэване». Трэцяй краінай для гэтага ён абраў Беларусь, куды прыбыў у сьнежні 2024 году.
На зваротным шляху Ўбіраева затрымалі ў менскім аэрапорце супрацоўнікі ФСБ. Цяпер ён у СІЗА Екацерынбургу ў Расеі. Паводле выстаўленага яму абвінавачаньня ва «ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі» расейцу пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Выданьне таксама адзначае, што бацька Ўбіраева цяпер ваюе ва Ўкраіне як кантрактнік, завэрбаваўшыся з калёніі ў ПВК «Вагнэр». Калі малады чалавек тэлефанаваў бацьку з Армэніі і казаў, што яны з жонкай афармляюць замежныя пашпарты для падарожжаў, той груба адказаў сыну і паабяцаў вярнуць яго ў Расею «пад канвоем».
- Праваабаронцам вядома пра дзясяткі выпадкаў, калі беларусаў, якіх перасьледавалі з палітычных матываў, затрымлівалі ў Расеі і экстрадавалі ў Беларусь, нягледзячы на пагрозу катаваньняў і забароны Эўрапейскага суду. Таксама вядомыя выпадкі затрыманьня беларусаў і ў іншых краінах СНД.
- Летась у красавіку кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў казаў, што амаль 30% людзей, чый вышук абвешчаны міліцыяй Беларусі, хаваюцца на тэрыторыі Расеі. Так, напрыклад, толькі за 23–24 кастрычніка ў межах міждзяржаўнай апэрацыі «Вышук» у краінах СНД затрымалі больш за 300 чалавек, чый вышук быў абвешчаны ў Беларусі, зь іх больш за 140 — у Расеі.
Форум