У Касьпійскім трубаправодным кансорцыюме, уласьнікамі якога зьяўляюцца Расея, Казахстан, а таксама кампаніі з Эўропы і ЗША, паведамілі аб пашкоджаньні нафтаперапрацоўчай станцыі (НПС) «Крапоткінская» ў Краснадарскім краі, найбольшай станцыі трубаправоднай сыстэмы кансорцыюму.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі, яе супрацоўнікі не пацярпелі і змаглі папярэдзіць разьліў нафты.
У аб’ект нібыта пацэлілі 7 украінскіх дронаў. Цяпер яна цалкам выведзеная з эксплюатацыі.
Транспартаваньне нафты па трубаправоднай сыстэме Тэнгіз — Новарасійск ажыцьцяўляецца на зьніжаных рэжымах пампаваньня, з абыходам пашкоджанай станцыі.
Трубаправодная сыстэма Касьпійскага трубаправоднага кансорцыюму (КТК) — адзін з найбольшых праектаў у энэргетычнай сфэры на тэрыторыі СНД. Працягласьць трубаправоду Тэнгіз — Новарасійск складае 1 511 кілямэтраў. Па гэтым маршруце транспартуецца больш за дзьве траціны ўсёй экспартнай нафты Казахстану, а таксама сыравіна з расейскіх радовішчаў, у тым ліку разьмешчаных на Касьпіі.
Сярод акцыянэраў КТК: Расейская Фэдэрацыя — 24%, МК «КТК Компані» — 7%, АТ НК «КазМунайГаз» — 19%, Kazakhstan Pipeline Ventures LLC — 1,75%, Chevron Caspian Pipeline Consortium Company — 15%, Лукойл Интернешнл Гмбх — 12,5%, Mobil Caspian Pipeline Company — 7,5%, Rosneft-Shell Caspian Ventures Limited — 7,5%, BG Overseas Holdings Limited — 2%, Eni International N.A. N.V. S.ar.l. — 2% і Oryx Caspian Pipeline LLC — 1,75%.
Апроч Расеі, рэакцыі іншых акцыянэраў на гэты інцыдэнт пакуль няма.
Форум