Нягледзячы на «значныя пашкоджаньні» ў выніку ўдару расейскага бесьпілётніка па ахоўнай абалонцы Чарнобыльскай АЭС, узровень радыяцыі на аб’екце не зьмяніўся, гаворыцца ў заяве Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ).
Агенцтва паведамляе, што група МАГАТЭ, якая знаходзілася на месцы здарэньня, атрымала ад украінскіх уладаў «неабмежаваны доступ» да месца выбуху і правяла «дэталёвы агляд» для ацэнкі шкоды аб’екту, арку якога атакаваў расейскі бесьпілётнік.
«Украінскія пажарныя працавалі кругласуткава ў марознае надвор’е, каб цалкам патушыць невялікія пажары, якія ўсё яшчэ тлелі пасьля таго, як бесьпілётнік трапіў у будынак, дзе знаходзяцца рэшткі рэактару, разбуранага ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе», — сказаў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.
Адмыслоўцы запэўнілі, што, нягледзячы на «значныя пашкоджаньні», узровень радыяцыі на аб’екце не зьмяніўся.
«Гэта быў, безумоўна, вельмі сур’ёзны інцыдэнт, калі бесьпілётнік ударыў аб вялікую ахоўную канструкцыю на буйным ядзерным аб’екце і пашкодзіў яе. Як я неаднаразова заяўляў падчас гэтай разбуральнай вайны, напад на ядзерны аб’ект абсалютна непрымальны, гэтага ніколі не павінна адбыцца», — падкрэсьліў Гросі.
Каманда МАГАТЭ зафіксавала, што ў выніку ўдару бесьпілётніка і наступнага пажару пацярпела «значная» тэрыторыя. Акрамя таго, арганізацыя пацьвердзіла, што як зьнешняя, так і ўнутраная ашалёўка аркі аб’екту былі пашкоджаныя, у выніку чаго ўтварылася дзірка дыямэтрам каля шасьці мэтраў, а таксама пашкоджана некаторае абсталяваньне і электрычныя кабэлі.
«Аднак, здаецца, канструктыўныя бэлькі не пацярпелі істотных пашкоджаньняў», — мяркуюць у заяве.
Атака Расеі на Чарнобыльскую АЭС
Расейскі ўдарны бесьпілётнік з аскепкава-фугаснай часткай у ноч на 14 лютага ўдарыў у сховішча разбуранага 4-га энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС, паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, сховішча на Чарнобыльскай АЭС пашкоджана, пажар патушаны.
Пазьней Зяленскі, размаўляючы з журналістамі ў Мюнхэне, заявіў, што напад мог быць мэтанакіраваным. Паводле яго слоў, бесьпілётнік ляцеў на вышыні 85 мэтраў, а радары гэтай вышыні ня бачаць.
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі пацьвердзіла, што ў выніку ўдару на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух. Там таксама адзначылі, што бесьпілётнік урэзаўся ў дах саркафагу АЭС, але не ўдакладнілі, ці быў гэта расейскі бесьпілётнік.
Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што не валодае дакладнай інфармацыяй аб атацы, але «пра тое, што пацярпелі нейкія аб’екты ядзернай інфраструктуры, гаворкі не ідзе», цытуюць яго расейскія СМІ. Расея рэгулярна адмаўляе напады на ўкраінскія аб’екты, у тым ліку цывільныя.
Форум