Аналітыкі адзначаюць, што выданьне Meduza паведамляла, што Крэмль нібыта даў «указаньне» расейскім дзяржаўным СМІ падаць тэлефонную размову Трампа і Пуціна 12 лютага як «ініцыятыву і перамогу Пуціна», а таксама радзей выкарыстоўваць імя Трампа ў асьвятленьні гэтай тэмы і іншых падзей.
«Крэмль занепакоены тым, што расейская грамадзкасць можа ўспрыняць Трампа як больш „ініцыятыўнага і рашучага“ лідэра, чым Пуцін, і хоча, каб расейскія СМІ падкрэсьлілі, што толькі Пуцін нясе адказнасьць за вынікі перамоваў», — гаворыцца ў дакладзе.
У ISW удакладнілі, што крамлёўскія ўлады ня хочуць, каб расейская грамадзкасьць успрымала Трампа як «моцнага лідэра, здольнага зьмяніць сытуацыю», а Пуціна — як «пасыўнага або слабога лідэра ў параўнаньні зь ім».
«Крэмль, магчыма, спрабуе нэгатыўна зьмяніць успрыманьне расейскай грамадзкасьцю Трампа, каб падкрэсьліць моц і аўтарытэт Пуціна на фоне паведамленьняў аб магчымых будучых мірных перамовах і двухбаковых перамовах», — адзначаюць аналітыкі.
Размова Пуціна і Трампа 12 лютага доўжылася амаль паўтары гадзіны, паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў. Яны абмеркавалі блізкаўсходняе ўрэгуляваньне і двухбаковыя адносіны паміж Расеяй і ЗША. Па словах прадстаўніка Крамля, Пуцін запрасіў Трампа ў Маскву.
Пасьля размовы з Пуціным Трамп меў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Форум