Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея нанесла новы ракетны ўдар па Ўкраіне. У Кіеве ёсьць загінулыя і параненыя


Паветраная трывога ў Кіеве ў студзені 2025. Ілюстрацыйнае фота
Паветраная трывога ў Кіеве ў студзені 2025. Ілюстрацыйнае фота

Ад штодзённых расейскіх абстрэлаў цярпяць памежныя з Расеяй рэгіёны і прыфрантавыя населеныя пункты. Улады Ўкраіны працягваюць эвакуацыю людзей.

У ноч на 12 лютага расейскія войскі атакавалі мірныя гарады спачатку баявымі і выведнымі дронамі, а ў другой хвалі выкарысталі балістычныя ракеты і кіраваныя авіябомбы.

Найбольш пацярпелі Кіеў і Крывы Рог, Харкаўская і Сумская вобласьці.

У Кіеве пацярпелі пяць чалавек, адзін зь іх загінуў

Па сталіцы Ўкраіны расейцы нанесьлі ракетны ўдар а чацьвёртай раніцы.

Адразу ў пяці раёнах Кіева пачаліся пажары — на даху шматпавярховага жылога дома, на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства і ў прамысловай зоне. Найбольш разбурэньняў было ў Абалонскім раёне, дзе расейцы пацэлілі ў офісны цэнтар. Яго ахоўнік загінуў. Агонь ахапіў памяшканьні зь першага па сёмы паверх.

У выніку выбуховай хвалі павыбівала шыбы і дзьверы. Як сказала ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону адна са сьведак выбуху, «выбуховая хваля была такой, што людзі падалі непрытомныя».

Паводле кіеўскіх уладаў, чатыры чалавекі атрымалі раненьні, у тым ліку 9-гадовая дзяўчынка.

У офісным цэнтры знаходзіцца дзяржаўны тэлеканал FREEДОМ, які вяшчае на расейскай мове. Супрацоўнікі тэлеканалу не пацярпелі. Вяшчаньне вядуць з рэзэрвнай студыі. Вядома, што зьнішчаныя аўтамабілі тэлеканалу, якія стаялі каля офіснага цэнтру.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што раніцай нанесьлі «групавы ракетны ўдар па цэхах прадпрыемстваў ВПК Украіны, дзе стваралі бесьпілётнікі і FPV-дроны, цэлі ўдару дасягнутыя аб'екты».

Шмат разбурэньняў у Крывым Рогу

У ноч на 12 лютага ў выніку ракетнай атакі па Крывым Рогу ў Днепрапятроўскай вобласьці пашкоджаньні атрымалі 10 жылых шматпавярховікаў і прыватных дамоў, тры навучальныя ўстановы, бізнэс-аб’екты, гатэль, АЭС, згарэлі тры дзясяткі аўтамабіляў.

Паводле ўладаў, ахвяр і пацярпелых няма. Камунальныя, рамонтныя і выратавальныя службы аказваюць людзям дапамогу.

Расейскія войскі штодзень абстрэльваюць прыфрантавыя гарады

Ад штодзённых расейскіх абстрэлаў цярпяць жыхары Харкаўскай і Сумскай вобласьцяў, а таксама Херсонская і Запароская.

У Херсонскай вобласьці ў выніку абстрэлаў тры чалавекі атрымалі раненьні.

Улады Харкаўскай вобласьці працягваюць пад агнём эвакуацыю жыхароў з купянскага і бораўскага кірункаў. Адтуль удалося вывезьці 49 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у выніку начнога і ранішняга расейскіх абстрэлаў пацярпела і цывільная інфраструктура.

«Гэты тэрор Расеі супраць Украіны ня спыніцца сам па сабе. Пуцін не рыхтуецца да міру — ён працягвае забіваць украінцаў і зьнішчаць гарады. Толькі моцныя крокі і ціск на Расею могуць спыніць гэты тэрор. Менавіта цяпер нам патрэбныя адзінства і падтрымка ўсіх нашых партнэраў у барацьбе дзеля справядлівага завяршэньня гэтай вайны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG