Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў выпадку перамоваў з Расеяй будзе прапаноўваць Маскве абмен кантраляваных Узброенымі сіламі Ўкраіны тэрыторый у Курскай вобласьці на акупаваныя ўкраінскія землі. Пра гэта ўкраінскі лідэр заявіў у распаўсюджаным 11 лютага інтэрвію The Guardian.
«Мы памяняем адну тэрыторыю на іншую», — сказаў Зяленскі, але дадаў, што ня ведае, якую частку акупаванай Расеяй тэрыторыі Ўкраіна будзе прасіць наўзамен часткі Курскай вобласьці.
«Ня ведаю, пабачым. Але ўсе нашы тэрыторыі важныя, тут няма прыярытэту», — падкрэсьліў Зяленскі.
У жніўні 2024 году ўкраінскія вайскоўцы захапілі частку Курскай вобласьці. Упершыню з 2014 году, калі расейскія войскі ўпершыню ўварваліся ва Ўкраіну, баявыя дзеяньні перанесьлі на тэрыторыю Расеі. Пасьля паўгода баявых дзеяньняў у гэтым напрамку Ўзброеныя сілы Ўкраіны скарацілі кантраляваную ў Расеі тэрыторыю, але ўсё роўна застаюцца ў Суджы і іншых населеных пунктах. Паводле ўкраінскага Генштабу, украінскія войскі «працягваюць утрымліваць сотні квадратных кілямэтраў „буфэрнай зоны“ у Расеі».
Расея анэксавала ва Ўкраіне Крым (яшчэ ў 2014 годзе), а таксама з пачатку ўварваньня ў лютым 2022 году акупавала амаль усю Луганскую вобласьць, значныя часткі Херсоншчыны, Данбасу і Запарожжа, а таксама невялікія часткі Мікалаеўскай і Харкаўскай абласьцей Украіны.
Форум