Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека змагла пацьвердзіць гібель сама меней 12 605 цывільных ва Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году. Яшчэ сама меней 29 178 мірных жыхароў былі параненыя — гэта толькі пацьверджаныя ААН выпадкі, гаворыцца ў апошняй справаздачы місіі.
У справаздачы адзначаецца, што фактычныя маштабы шкоды, нанесенай цывільнаму насельніцтву — як ахвяры, так і пашкоджаньні інфраструктуры — верагодна, значна вышэй, паколькі многія зьвесткі немагчыма праверыць з прычыны вялікай колькасьці паведамленьняў і адсутнасьці доступу да адпаведных раёнаў.
Колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва, верагодна, асабліва заніжаныя ў такіх гарадах, як Марыюпаль (Данецкая вобласьць), Лісічанск, Папасная і Севераданецк (Луганская вобласьць), дзе ішлі інтэнсіўныя баявыя дзеяньні ў пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Паводле зьвестак арганізацыі, толькі ў студзені 2025 году ва Ўкраіне загінулі сама меней 139 мірных жыхароў і 738 атрымалі раненьні — гэта на 39% больш, чым у сьнежні 2024 году, і на 27% больш, чым у студзені 2024 году.
У справаздачы адзначаецца, што найбольшую колькасьць ахвяраў у студзені выклікалі бесьпілётнікі малога радыюсу дзеяньня, у тым ліку дроны FPV. Так, на падкантрольнай Украіне частцы Херсонскай вобласьці дроны сталі прычынай 70% ахвяраў.
81% ахвяраў сярод мірнага насельніцтва — на тэрыторыі паблізу лініі сутыкненьня, перш за ўсё ў Херсонскай, Запароскай і Данецкай абласьцях.
У справаздачы таксама дадаюць, што расейскія ўзброеныя сілы зьдзейсьнілі шырокамаштабную скаардынаваную атаку на энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны 15 студзеня, пашкодзіўшы сама меней 4 аб’екты па здабычы, транспартаваньні і захоўваньні газу ў трох абласьцях Украіны. Напады прывялі да аварыйных адключэньняў электраэнэргіі ў сямі рэгіёнах Украіны.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з розных відаў узбраеньняў. Кіраўніцтва Расеі пры гэтым адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, абʼекты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Форум