Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп увёў мыты 25% на ўвесь імпарт сталі і алюмінію ў ЗША


Вытворчасьць сталі. Ілюстрацыйнае фота
Вытворчасьць сталі. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў таксама абяцаў тарыфы ў адказ краінам, якія ўвялі мыты на тавары з ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, якім уводзяцца мыты ў 25% на ўсю сталь і алюміній, якія імпартуюцца ў краіну.

Дакумэнт не прадугледжвае выключэньняў, падкрэсьліў Трамп. Мытамі будзе абкладацца ўся сталь і ўвесь алюміній, якія пастаўляюць у ЗША такія краіны, як Канада, Бразылія, Мэксыка, Паўднёвая Карэя, Віетнам і іншыя вытворцы.

Па словах Трампа, прынятыя меры спросьцяць сыстэму мытаў на мэталы. Ён анансаваў іх напярэдадні, таксама паабяцаўшы ў найбліжэйшай будучыні ўвесьці мыты ў адказ у дачыненьні да дзяржаў, якія прымяняюць тарыфы на амэрыканскія тавары.

Дарадца Трампа ў пытаньнях гандлю Пітэр Навара падкрэсьліў, што мыты дапамогуць амэрыканскім вытворцам сталі і алюмінія, яны таксама накіраваныя на ўмацаваньне эканамічнай і нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміна Трамп ужо ўводзіў мыты ў памеры 25% на сталь і 10% на алюміній, але пазьней даў некаторым гандлёвым партнэрам ЗША — Канадзе, Мэксыцы і Бразыліі — квоты на бязмытны гандаль.

Адміністрацыя Трампа раней заяўляла, што з 4 лютага плянуе ўвесьці 25-працэнтныя мыты на імпарт тавараў з Канады і Мэксыкі, а таксама 10-працэнтныя — на імпарт з Кітая. Незадоўга да гэтай даты ЗША, Канада і Мэксыка дамовіліся аб адтэрміноўцы ўвядзеньня тарыфаў.

Таксама Трамп заяўляў аб намеры абкласьці мытамі імпарт усіх паўправаднікоў і фармацэўтычных прэпаратаў. Акрамя таго, Вашынгтон разглядае магчымасьць увядзеньня 10-працэнтных мытаў на ўсе тавары з Эўразьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG