Пра гэта паведаміў прадстаўнік вышэйшага кіраўніцтва арганізацыі Абу Ўбэйда, абвінаваціўшы Ізраіль у парушэньнях пагадненьня аб часовым спыненьні агню, заключанага ў сярэдзіне студзеня.
Па словах прадстаўніка ХАМАС, у апошнія тры тыдні кіраўніцтва арганізацыі фіксавала «парушэньні з боку праціўніка», у тым ліку затрымку з допускам цывільных асобаў на поўнач сэктару Газа, абстрэлы, а таксама затрымку з дастаўкай гуманітарнай дапамогі ў Газу. У сувязі з гэтым, як паведамляецца, ХАМАС на нявызначаны тэрмін адкладзе вызваленьне закладнікаў. Групоўка таксама запатрабавала ад Ізраіля «кампэнсацыі» за меркаванае парушэньне пагадненьня.
У заяве гаворыцца аб прыхільнасьці ХАМАС захаваньню дамоўленасьцяў, але толькі ў тым выпадку, калі іх будзе выконваць Ізраіль.
Міністар абароны Ізраілю Ісраэль Кац назваў заяву ХАМАС відавочным парушэньнем пагадненьня аб спыненьні агню. Паводле яго слоў, ён аддаў загад вайсковым падразьдзяленьням быць гатовым да любога разьвіцьця падзеяў. У заяве канцылярыі прэм’ер-міністра Ізраілю гаворыцца аб прыхільнасьці дамоўленасьцям у тым выглядзе, у якім яны былі сфармуляваныя — у тым ліку вызваленьне закладнікаў кожны тыдзень.
Згодна з дамоўленасьцямі, заключанымі пры пасярэдніцтве Катару і ЗША, на першым этапе спыненьня агню ХАМАС павінен быў вызваліць 33 захопленых 7 кастрычніка 2023 года закладнікаў — прыкладна траціну ад іх агульнай колькасьці. З 17 студзеня былі вызваленыя 16 ізраіліцянаў і 5 грамадзянаў Тайлянду, Ізраіль у сваю чаргу вызваліў з турмаў каля тысячы палестынскіх зьняволеных, а таксама вывеў сваіх вайскоўцаў з шэрагу пазыцыяў у сэктары Газа.
Перамовы аб другім этапе пагадненьня, калі павінныя быць вызвалены астатнія закладнікі і перададзеныя целы загінуўшых і памерлых заложнікаў, пакуль не завершаныя.
Пакуль, у прыватнасьці, няма якіх-небудзь дамоўленасьцяў аб будучыні Газы, якой з 2007 года кіраваў ХАМАС. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп нядаўна прапанаваў перасяліць палестынцаў — жыхароў сэктару — у іншае месца, адзначыўшы, што пасьля ваеннай кампаніі, якую вёў Ізраіль супраць ХАМАС у адказ на напад 7 кастрычніка, Газа фактычна стала непрыдатнай для жыцьця. Шэраг краін Блізкага Усходу ўжо адхілілі гэтую ініцыятыву.
Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
- 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум