5 лютага стваральнік маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» Антон Матолька паведаміў пра несанкцыянаваны доступ да чат-боту тэлеграм-канала, у які адсылалі інфармацыю карыстальнікі.
«У выніку несанкцыянаванага ўваходу сёньня раніцай быў атрыманы доступ да чату з ботам „Гаюна“, куды зьбіралася інфармацыя ад людзей. Мы ня ведаем, які аб’ём дадзеных мог быць выпампаваны за той час, пакуль староньні акаўнт меў доступ», — напісаў блогер Антон Матолька.
Ён паведаміў, што людзі, якія пісалі ў чат-бот, могуць быць пад пагрозай, і параіў зьмяніць акаўнты ў Telegram.
Блогер удакладніў таксама, што ўваход у чат з ботам адбыўся па старой спасылцы, створанай 2 сакавіка 2022 году. У гэты момант у наладах чату не была ўключаная функцыя «схаваць паведамленьні для новых карыстальнікаў».
7 лютага маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што спыняе сваю дзейнасьць.
Якія дадзеныя выцеклі і колькі людзей апынуліся пад пагрозай перасьледу, невядома. Кіраўнік фонду BySol прапанаваў дапамагчы з эвакуацыяй людзям, якія адчуваюць небясьпеку з гэтай нагоды. На «гарачую лінію» фонду зьвярнуліся паўтары сотні чалавек.
Праваабаронцы са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра першыя затрыманьні, нібыта зьвязаныя зь нядаўнім выцекам інфармацыі. Праверыць, ці сапраўды затрыманьне зьвязана з выцекам з чат-боту, немагчыма.
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» набыў вядомасьць пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, бо зьбіраў зьвесткі аб перамяшчэньні вайсковай тэхнікі. Дадзеныя адпраўлялі людзі знутры Беларусі. Часам іх затрымлівалі і судзілі, асабліва масава гэта адбывалася на пачатку вайны. Расказваем, як людзей каралі за фатаграфаваньне вайсковай тэхнікі.
За фота і відэа вайсковай тэхнікі асудзілі сама меней 35 чалавек
Па інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», агулам 1645 беларусаў і беларусак зазналі перасьлед за сваю антываенную пазыцыю пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. 82 зь іх асудзілі ў крымінальных справах на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
Паводле юрысткі праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыі Рудзянковай, у фота- і відэафіксацыі перасоўваньняў тэхнікі «няма і ня можа быць нічога крымінальнага». А людзей караюць за гэта ва ўгоду расейскім уладам.
«Гэтыя дзеяньні — сутнасьць свабоды слова. Таму гэты перасьлед зьяўляецца выключна палітычна матываваным, людзей затрымліваюць адвольна, безь ніякіх на тое законных падстаў. Рэжым не асабліва разьмяжоўвае тых, хто пярэчыць Лукашэнку ці Пуціну. І ў дадзеных выпадках перасьлед адбываецца дзеля інтарэсаў палітычнага саюзьніка Лукашэнкі, Пуціна», — кажа юрыстка.
Суразмоўца дадае, што каб пакараць за такі распаўсюд інфармацыі прымяняюцца інструмэнты крымінальных рэпрэсій: палітычныя артыкулы «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК), «Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (арт. 361-1 КК) або нават «Здрада дзяржаве» (арт. 356 КК).
За перадачу фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі асуджана ня менш як 35 чалавек. Гэта крымінальныя справы. Бывалі і выпадкі, калі людзі атрымлівалі адміністрацыйную адказнасьць і пасьпявалі выехаць за мяжу.
Напрыклад, Алега Барадзіна з Гомля затрымалі 29 сакавіка 2022 году за фатаздымак двух расейскіх вайскоўцаў.
«Яны ішлі нападпітку і цягнулі пакет з алькаголем і закускай. У КДБ заявілі, што я сваімі дзеяньнямі зганьбіў „гонар і годнасьць“ расейскага войска ў асобах гэтых ваяк», — расказваў Алег.
Пасьля затрыманьня яго абвінавацілі ў падпісцы на «экстрэмісцкія тэлегам-каналы». Пасьля розных «фармальнасьцяў» накшталт суду за дзьве хвіліны Алег атрымаў 15 дзён арышту і трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня. Пасьля на мужчыну ўсё ж завялі крымінальную справу і ён выехаў за мяжу.
Два гады калёніі за адно фота
У жніўні 2022 году Гомельскі абласны суд вынес вырак 30-гадоваму ІТ-спэцыялісту Андрэю Уткіну. Мужчына зьняў калёну расейскай вайсковай тэхнікі ў Гомлі, а менавіта вайсковыя «КамАЗы» зь літарай V і перадаў тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн». Яго прызналі вінаватым у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці і прысудзілі два гады калёніі, якраз столькі, колькі прасіў пракурор на судзе.
Digital-мастак Віктар Кулінка тады ж, у жніўні 2022 году, атрымаў тры гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за фота вайсковай тэхнікі. На праўладных Telegram-каналах зьявілася «пакаяльнае» відэа, дзе ён расказваў, што сфатаграфаваў калёну расейскай вайсковай тэхнікі, якая накіроўвалася ў бок Гомля, і перадаў здымак у «Беларускі Гаюн».
Віктару выставілі абвінавачваньне паводле дзьвюх частак арт. 361-4 («Іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «тыя ж дзеяньні, учыненыя групай асобаў па папярэдняй змове»). Віктара зьмясьцілі ў СІЗА-3.
Былой настаўніцы 4 гады, падлетку — 3 гады калёніі
Жыхарцы Хойнікаў Ірыне Абдукерынай у 2022 годзе прысудзілі 4 гады калёніі за відэа перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі і адпраўку відэа ў «Беларускі Гаюн». Жанчыну прызналі вінаватай у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».
Апроч чатырох гадоў зьняволеньня ёй таксама прысудзілі штраф у 100 базавых велічыняў (3200 рублёў на той час).
Ірына раней працавала настаўніцай у школе, але звольнілася адтуль у 2016 годзе.
У ліпені 2022-га ў Гомлі 3 гады калёніі прысудзілі Паўлу Піскуну за відэа аб перасоўваньні расейскай вайсковай тэхнікі. Паўла прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Вядома, што на момант так званага «злачынства» хлопец быў непаўналетнім.
25 ліпеня 2023 году пры перасячэньні мяжы ў Беларусі затрымалі грамадзянку Ўкраіны Кацярыну Бруханаву. Пры праверцы тэлефона на мяжы беларускія сілавікі знайшлі, што Кацярына ў сакавіку 2022 году зьняла і перадала ў СМІ відэа зь перамяшчэньнем расейскай вайсковай тэхнікі пад Менскам. Гэты СМІ беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
У выніку Кацярыне Бруханавай прысудзілі 2 гады і 6 месяцаў калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкаму фармаваньню».
Увечары 28 чэрвеня 2024 году Кацярыну Бруханаву вызвалілі ў выніку абмену разам зь яшчэ пяцьцю асуджанымі ў Беларусі грамадзянамі Ўкраіны.
«Затрымалі малы адсотак тых, хто дасылаў інфармацыю»
Найбольш актыўна грамадзяне Беларусі ўдзельнічалі ў фота- і відэафіксацыі перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў пачатку поўнамасштабнай вайны. Тады расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі было шмат і такая інфармацыя была важнай, адзначае прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар.
«Тады было менш зразумела, што адбываецца, і гэтыя фота і відэа дазвалялі зразумець сытуацыю ў Беларусі. Цяпер і расейскай тэхнікі, і войскаў скрайне мала ў Беларусі. Іншая сытуацыя», — кажа Уладзімер Жыгар.
Ён зазначае, што на пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне сілавікам удалося затрымаць вельмі мала тых, хто прысылаў інфармацыю.
«Часам гэта атрымлівалася, бо людзі ня сочаць на сваёй бясьпекай. Чалавек мог папасьціся пры праверцы тэлефона на мяжы, нехта фатаграфаваў тэхніку абсалютна адкрыта, што выклікала рэакцыю так званых сілавікоў. Напрыклад, кіроўца тэхнікі гэта заўважыў», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Былы сілавік лічыць, што міліцыя працягвае шукаць людзей, якія фатаграфавалі тэхніку два-тры гады таму, бо «сыстэма» помсьціць.
«Яны не перагарнулі старонку, сыстэма помсьціць усім і будзе далей помсьціць», — зважае суразмоўца.
Ня менш за 40 асобаў зазналі перасьлед за публічнае асуджэньне расейскай агрэсіі, данаты беларускім добраахвотнікам і падтрымку Ўкраіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум