Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спадкаемцы «Вагнэра» працягваюць кампанію тэрору ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы


Расейскі вайсковец у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы
Расейскі вайсковец у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы

Ад 2018 году сумнавядомая расейская прыватная вайсковая кампанія, раней вядомая як «Вагнэр», адказвае за бясьпеку найвышэйшага кіраўніцтва Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі (ЦАР), а таксама кіруе выгаднымі канцэсіямі па здабычы карысных выкапняў. Вагнэраўцаў вінавацяць у дзясятках злачынстваў, у тым ліку ў зьверскіх забойствах.

Аўтары: Жан-Фэрнан Куэна, Мая Жыванавіч і Майк Экель

Папаўдні 17 студзеня 2023 году 35-гадовы Прыват Дамабакізі і ягоная жонка працавалі ў полі на фэрме ў невялікім паселішчы ў ЦАР, непадалёк ад мяжы з Камэрунам. І тут Прывату патэлефанаваў ягоны брат Алвін.

Сямёра ўзброеных людзей у камуфляжнай уніформе толькі што прыехалі ў дом Дамабакізі ў горадзе Буар, за 7 кілямэтраў ад фэрмы.

Яны былі беласкурыя і ў балаклавах, згадваў Элвін у інтэрвію Радыё Свабода. На францускай, асноўнай мове ў краіне, яны гаварылі дрэнна. Гэта былі расейцы — яны часта трапляліся ў гэтым раёне. І яны шукалі Дамабакізі.

«Я хваляваўся. Я яму патэлефанаваў і спытаў, што ён зрабіў, каб сюды прыйшлі расейцы, — расказаў Алвін у інтэрвію Радыё Свабода. — Гэта кепскія людзі».

Дамабакізі сказаў Алвіну не хвалявацца і паабяцаў неадкладна прыехаць дадому. Алвін папрасіў яго замест гэтага зьвярнуцца ў паліцыю.

Калі Дамабакізі неўзабаве пад’ехаў да дому, расейцы схапілі яго і кінулі ў адзін са сваіх грузавікоў. Яны білі яго прыкладамі вінтовак і калолі штыкамі. Ягоная жонка Нэлі плакала, калі расейцы зьехалі, забраўшы Дамабакізі.

На наступны дзень, пасьля ліхаманкавых званкоў прадстаўнікам мясцовых уладаў, кажа Алвін, пракуратура сказала яму, што Дамабакізі быў абвінавачаны ў куплі прадметаў — верагодна, радыёпрымачоў — скрадзеных з суседняй вайсковай базы, якую выкарыстоўваюць расейскія найміты.

Алвін і Нэлі больш ніколі ня бачылі Дамабакізі. Яны мяркуюць, што перад сьмерцю яго катавалі, і ня ведаюць, дзе яго цела.

Багатая на прыродныя рэсурсы, ахопленая этнічнымі канфліктамі, крайняй галечай і нястрымнай карупцыяй, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка доўгі час была прыкладам «правальнай дзяржавы» (failed state). А нядаўна яна стала лябараторыяй небясьпечнага палітычнага экспэрымэнту: захопу дзяржавы прыватнай кампаніяй. У гэтым выпадку кампанія спалучае ваенныя дзеяньні і ахову з прыбытковымі камэрцыйнымі інтарэсамі — у асноўным здабычай золата, алмазаў і нарыхтоўваньнем драўніны.

Гаворка пра кампанію «Вагнэр», альбо «Група Вагнэра», да стварэньня якой больш за 10 гадоў таму прычыніўся Яўген Прыгожын, санкт-пецярбурскі рэстаратар зь вялікімі палітычнымі сувязямі. Кампанія «Вагнэр» ператварылася ў адну з самых магутных баявых сілаў Расеі, яна была ў авангардзе ваенных дзеяньняў у Сырыі, Лібіі, а найбольшую ўвагу прыцягнула яе дзейнасьць ва Ўкраіне. Яўген Прыгожын таксама ствараў бізнэс-сеткі, якія ахоплівалі самыя разнастайныя сфэры, ад школьнага харчаваньня ў Расеі да гандлю афрыканскай драўнінай.

Кампаніі «Вагнэр» афіцыйна больш не існуе, пасьля таго як Прыгожын загінуў у авіякатастрофе ў жніўні 2023 году — на думку большасьці экспэртаў, гэта было мэтанакіраванае забойства, верагодна, арганізаванае на самым высокім узроўні Крамля. Узброеныя падразьдзяленьні ў асноўным былі расфармаваныя альбо падпарадкаваныя Міністэрству абароны і іншым расейскім ведамствам.

Але прыбытковы прыгожынскі бізнэс працягваецца — асабліва ў ЦАР, дзе здабыча золата і алмазаў, гандаль драўнінай, кантрабанда зброі і іншыя крыніцы прыносяць сотні мільёнаў даляраў.

Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, людзі з эмблемай кампаніі «Вагнэра»
Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, людзі з эмблемай кампаніі «Вагнэра»

Небясьпечная бясьпека

Ад 2018 году байцы «Вагнэра» дзейнічалі як служба асабістай аховы прэзыдэнта ЦАР Фаўстына-Аршанжа Туадэра і падтрымлівалі ягоны ўрад.

Пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе Туадэра быў пераабраны ў сьнежні 2020 году, хоць галасаваньне аказалася пад пагрозай праз жорсткую барацьбу з боку ягонага канкурэнта — Франсуа Базізэ, якому забаранілі балятавацца. Падставы для забароны некаторыя назіральнікі назвалі сумнеўнымі.

Фота расейскіх наймітаў побач з прэзыдэнтам і высокімі чыноўнікамі Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі ў Фэйсбуку з 2023 і 2024 году.
Фота расейскіх наймітаў побач з прэзыдэнтам і высокімі чыноўнікамі Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі ў Фэйсбуку з 2023 і 2024 году.

Атрады-пераемнікі «Вагнэра» ў ЦАР ператварыліся ў ваенізаваную паліцыю, якая дзейнічае па-за законам, беспакарана парушаючы правы чалавека і ўчыняючы злачынствы.

«У ЦАР „Вагнэр“ удасканаліў схему захопу дзяржавы, падтрымліваючы крыміналізаваную дзяржаву, захопленую прэзыдэнтам Цэнтральнай Афрыкі і яго блізкім атачэньнем, назапашваючы ваенную моц, забясьпечваючы доступ да каштоўных мінэралаў і разрабоўваючы іх, а таксама падпарадкоўваючы насельніцтва з дапамогай тэрору», — гаворыцца ў справаздачы за 2023 год амэрыканскай няўрадавай арганізацыі The Sentry, сярод заснавальнікаў якой — актор Джордж Клуні.

Расейскія найміты ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, 2018 год
Расейскія найміты ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, 2018 год

Людзі, якія сталі ахвярамі расейскіх наймітаў, расказваюць, які страх расейскія падразьдзяленьні навялі на частку насельніцтва.

«Уявіце, як [мала] вы можаце зрабіць, калі людзі прыходзяць са зброяй і не гавораць на вашай мове, — сказаў у інтэрвію ў верасьні 2024 году іншы чалавек, які папрасіў назваць яго толькі па імені — Адам. — Я павінен проста чакаць, пакуль яны зноў вернуцца? Хто ведае, што здарыцца, калі яны вернуцца?»

Адам, уладальнік крамы ў вёсцы за дзьве гадзіны язды на паўднёвы захад ад Бангі — сталіцы ЦАР, сказаў, што ягоную краму абрабавалі і разграмілі «белыя хлопцы з татуіроўкамі і маскамі», якія гаварылі па-расейску.

«За межамі сталіцы... шмат людзей пакутуе, і, здаецца, ніхто пра гэта ня ведае, — сказаў ён Радыё Свабода. — Гэта мая гісторыя, але гэта і гісторыя многіх іншых людзей у розных месцах і рэгіёнах».

Від на Бангі, сталіцу Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, сакавік 2024
Від на Бангі, сталіцу Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, сакавік 2024

«Нястрымная жорсткасьць»

Калі найміты «Вагнэра» ўпершыню былі разьмешчаныя ў ЦАР у 2018 годзе, яны прыбылі нібыта дзеля навучаньня і інструктажу, а таксама — каб гарантаваць бясьпеку ўраду Туадэра. Вагнэраўцы заснавалі кампанію пад назвай Sewa Security Services як мясцовую арганізацыю, якая кантралюе расейскіх наймітаў у краіне. Вялікі атрад былых байцоў «Вагнэра» перайшоў пад камандаваньне расейскага Міністэрства абароны пад назвай «Афрыканскі корпус».

Паводле некаторых ацэнак, на піку прысутнасьці «Вагнэра» было задзейнічана да 2300 байцоў. У верасьні 2024 году аднаго з былых камандзіраў штурмавікоў «Вагнэра» прызначылі галоўным дарадцам Туадэра па бясьпецы.

У той жа час шмат хто кажа, што расейскім вайскоўцам удалося здушыць шматгадовы канфлікт, які падаграваўся рэлігійнымі і этнічнымі разыходжаньнямі і барацьбой за кантроль над багацьцем краіны.

Аднак за наступныя гады актывісты, рэпартэры і экспэрты — у тым ліку Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — сабралі процьму доказаў злачынстваў — забойстваў, катаваньняў, выкраданьняў, згвалтаваньняў, крадзяжоў —зьвязаных, праўдападобна, з кампаніяй «Вагнэр» і яе пераемнікамі.

Расейскія інструктары ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы
Расейскія інструктары ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы

Згодна са зьвесткамі, сабранымі праектам Armed Conflict Location & Event Data, амэрыканскай некамэрцыйнай маніторынгавай арганізацыяй, паміж 2018 і 2024 гадамі расейскія войскі ўдзельнічалі па ўсім сьвеце больш як у 100 перастрэлках і ўчынілі больш за 362 гвалтоўныя інцыдэнты супраць мірных жыхароў. У выніку загінулі як мінімум 786 чалавек.

У 2021 годзе, пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў, кааліцыя паўстанцкіх груповак пачала няўдалы пераварот супраць Туадэра. Ваеўнікі «Вагнэра» дапамаглі ўрадавым сілам адбіцца ад нападу. У сувязі з гэтым амбасадар Расеі ў краіне Ўладзімір Цітарэнка заявіў, што «расейскія жаўнеры застануцца датуль, пакуль [апазыцыйныя] паўстанцы і бандыты ўзброеных груповак ня будуць цалкам зьнішчаныя».

Жыхары ЦАР з плякатамі, на якіх словы падзякі кампаніі «Вагнэр» і Расеі
Жыхары ЦАР з плякатамі, на якіх словы падзякі кампаніі «Вагнэр» і Расеі

У справаздачы праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch за 2022 год прыводзіліся словы больш як трох дзясяткаў чалавек, якія сталі ахвярамі розных злачынстваў у пэрыяд зь лютага 2019 па лістапад 2021 году. Усе яны заявілі, што злоўжываньні ўчынялі мужчыны зь белай скурай, якія размаўлялі на расейскай мове — сьведкі яе пазнавалі.

Працоўная група ААН, якая дасьледавала выкарыстаньне наймітаў у ЦАР і ў іншых месцах, паведамляла пра паказаньні сьведак, што расейскія афіцэры ўчынялі згвалтаваньні і сэксуальны гвалт у дачыненьні да жанчын, мужчын і дзяўчат. Паводле працоўнай групы ААН, многія з тых, хто выжыў, не жадаюць падаваць афіцыйныя скаргі ўладам, баючыся помсты.

Паведамленьні пра катаваньні не спыняюцца. Маніторынгавая група ААН выявіла, што адзін з распаўсюджаных мэтадаў — падключаць геніталіі чалавека да кабэля, па якім потым пускаюць электрычны ток.

«Ухвальны ўнёсак расейскіх двухбаковых сілаў у паляпшэньне сытуацыі зь бясьпекай кантрастуе з парушэньнямі правоў чалавека, якія яны ўчыняюць і якія мы асуджаем», — асобна заявіў у справаздачы за жнівень 2022 году прызначаны ААН прадстаўнік Яо Агбецэ. Паказаньні сьведак паказваюць на «нястрымную жорсткасьць» з боку расейскіх ваеўнікоў.

«Размаўляючы з вамі, я таксама кажу сабе, што яны адрэагуюць, і я баюся, было б няпраўдай казаць, што я не баюся, — сказаў Алвін у інтэрвію Радыё Свабода ў лістападзе мінулага году. — Я ня ведаю, што можа здарыцца са мной заўтра ці пасьлязаўтра».

Раніцай 9 жніўня 2024 году Адам працаваў у сваёй невялікай краме харчовых прадуктаў і тавараў у Мбаікі, прыкладна за дзьве гадзіны язды на паўднёвы захад ад Бангі, сталіцы, калі заўважыў, як у горад з шумам заехалі два пікапы і некалькі матацыклаў. Група людзей, узброеных да зубоў, пачала выкрыкваць загады мясцовым мужчынам і хлопцам, патрабуючы пасьведчаньні асобы.

Здавалася, некаторыя зь іх былі з Узброеных сілаў Цэнтральнай Афрыкі, вядомых пад абрэвіятурай FACA. Яны білі Адама і некаторых іншых мужчын пісталетамі, патрабуючы сказаць, ці захоўвалі яны зброю, і калі так, то дзе.

За імі, па словах Адама, ішлі «белыя хлопцы з татуіроўкамі і маскамі», якія размаўлялі па-расейску.

Расейцы ўварваліся ў ягоную краму і напоўнілі свае машыны нарабаванымі таварамі, кажа ён: «Яны забралі абутак, намёты, пліты, рыс, алей і нават вэтэрынарныя лекі. Яны спустошылі маю краму».

Потым калёна накіравалася ў іншую вёску, дзе працягнула рабаваць крамы, патрабуючы ад мясцовых мужчын пасьведчаньні. Адам сказаў, што ягонага стрыечнага брата, які спрабаваў уцячы, застрэлілі і кінулі ў грузавік разам з групай іншых мужчын.

Расейцы адагналі грузавік прыкладна на два кілямэтры, кажа Адам, а потым ягонаму стрыечнаму брату перарэзалі шыю.

«Яны пакінулі яго каля галоўнай дарогі, прыкладна за 10 хвілінаў хады ў кустах, потым завязалі вяроўку вакол яго жывата і павесілі на суседнім дрэве», — сказаў ён. Празь некаторы час Адам і іншыя знайшлі нябожчыка на дрэве, сказаў ён. Яны зьнялі цела, а потым пахавалі.

«Каму я магу скардзіцца?»

Ігар Нгаісэ расказаў, што ў сьнежні 2020 году ягоную цётку Альбэртыну застрэлілі расейскія вайскоўцы. Магчыма, яна стала выпадковай ахвярай падчас перастрэлкі з баевікамі.

Паводле Нгаісэ, 25 студзеня 2021 году ён ляжаў у сваім дамку ў Сібу, вёсцы на поўнач ад Бангі, калі раптам пачуў вонкі страляніну. Ён пачакаў, пакуль страляніна сьціхне, потым выглянуў з пакоя і ўбачыў расейскага салдата, які ішоў па калідоры. Ігар сказаў, што выбег з будынку і пачуў, як салдат пачаў страляць у кожны пакой, а потым выпусьціў чаргу ў залю.

Нгаісэ кажа, што ягоная 25-гадовая малодшая сястра хавалася ў доме, яна перапужалася, але ацалела.

Пасьля інцыдэнту, які асьвятлялі мясцовыя СМІ, Нгаісэ зьвярнуўся па дапамогу да камісара мясцовай паліцыі, і яны сустрэліся з высокапастаўленым расейскім афіцэрам (так ён выглядаў, ва ўсякім разе), які прапанаваў яму 5000 цэнтральна-афрыканскіх франкаў (каля 8 даляраў) — падобна, гэта была проста драбяза зь ягонай кішэні. Абражаны Нгаісэ адмовіўся.

«Калі мне трэба скардзіцца, каму я магу скардзіцца? — сказаў ён Радыё Свабода. — Я дакладна ня ведаю, што адбываецца ў гэтай краіне».

«Колькасьць ахвяраў парушэньняў правоў чалавека, учыненых прыватнай вайсковай кампаніяй „Вагнэр“, расьце надалей, — сказала Радыё Свабода Алена Апарак, якая раней узначальвала працоўную групу ААН па наймітах. — [На жаль], няма скаардынаваных расьсьледаваньняў і [няма] эфэктыўнай падсправаздачнасьці».

Расейскія вайскоўцы набылі сумную вядомасьць жорсткім запалохваньнем людзей — нават тых, каго яны самі навучалі.

Адзін з такіх людзей — Хасэ Бэфіё, камандзір мясцовага аддзелу агульнанацыянальнага апалчэньня, так званага Анты-балака. Завэрбавалі яго ўрадавыя сілы, а камандаваць вучылі вагнэраўцы.

Паводле назіральнікаў ААН, у мінулым Бэфіё быў датычны да гвалтоўных злачынстваў, але пазьней адмовіўся ад падтрымкі ўраду і яго расейскіх саюзьнікаў. Ён выступіў супраць некаторых злачынстваў, якія ўчынілі ў рэгіёне расейскія салдаты, расказалі Радыё Свабода ягоны дзядзька Бачыр Ітуманджы і дзьве зь ягоных жонак.

На досьвітку 23 ліпеня 2024 году Бэфіё спаў у сваім доме ў цэнтры гораду Бука, калі ўварваліся расейскія салдаты, каб выкрасьці яго і ягонага блізкага памочніка.

Ітуманджы кажа, што ён і іншыя сваякі рана прачнуліся ад гуку стрэлаў і выбухаў. Калі на досьвітку страляніна скончылася, ён паехаў туды, дзе стралялі, — на мясцовую бавоўнаачышчальную фабрыку.

Там ён знайшоў целы Бэфіё і ягонага памочніка. Ітуманджы кажа, што расейцы адсеклі ім галовы. Галаву Бэфіё паклалі на рукі ягонага памочніка, і наадварот. Фатаздымкі целаў шырока разышліся па краіне, інцыдэнт зафіксавала і маніторынгавая місія ААН.

Людзі, якія былі на фабрыцы, сказалі Ітуманджы, што ўсё зрабілі расейскія салдаты.

«Мы занесьлі яго ўсярэдзіну і вярнулі на месца ягоную галаву і галаву ягонага таварыша, — сказаў Ітуманджы. — Мы памылі целы, перш чым пахаваць».

Расейцы таксама выкралі трох малых дзяцей Бэфіё і ўтрымлівалі іх некалькі дзён, сказаў Ітуманджы. Калі іх вярнулі ў сямʼю, ва ўсіх траіх дзяцей былі вырваныя зубы.

Адсячэньне галавы Бэфіё было часткай схемы зьверстваў і публічных пакараньняў сьмерцю, учыненых як расейскімі салдатамі, так і ўрадавымі войскамі (FACA), кажа Чарльз Бусэль, экспэрт па ЦАР зь Міжнароднай крызіснай групы — аналітычнага цэнтру зь сядзібаю ў Бэльгіі.

«Тэрор выкарыстоўваецца ў якасьці зброі, таму што „Вагнэр“ і FACA могуць ня мець дастаткова сілаў, каб прысутнічаць паўсюль на мясцовасьці, — сказаў Бусэль Радыё Свабода. — Яны выкарыстоўваюць страх, які можа быць эфэктыўным спосабам прымусіць людзей паведамляць інфармацыю і прадаваць інфармацыю» расейцам.

Абезгалоўліваньне Бэфіё і распаўсюджаныя фатаграфіі таксама, верагодна, служылі публічным папярэджаньнем, сказаў ён.

«Гэта магло быць паведамленьнем для іншых палявых камандзіраў, спосаб супакоіць краіну, — сказаў Бусэль. — Магчыма, гэта было паведамленьне: калі вы парушыце свае абяцаньні „Вагнэру“, вось што вас чакае».

Нягледзячы на пераканаўчыя доказы, атрыманыя праваабаронцамі і экспэртамі ААН, расейскія афіцыйныя асобы ў Маскве і Бангі неаднаразова адмаўлялі абвінавачваньні расейцаў у злачынствах у ЦАР.

«Расейскія вайсковыя дарадцы не маглі ўдзельнічаць і ня ўдзельнічалі ні ў забойствах, ні ў рабунках. Гэта чарговая хлусьня», — заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у адказ на справаздачу ААН за 2021 год.

Радыё Свабода зьвярнулася да Міністэрства замежных справаў ЦАР па камэнтар наконт паведамленьняў пра расейскія злачынствы, але адказу не атрымала. Прэс-сакратар офісу Туадэра таксама адмовіўся адказваць на пытаньні, сказаўшы толькі, што «супрацоўніцтва з Расеяй выдатнае, і гэта [факт] непакоіць заходнікаў, якія хочуць дэманізаваць Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку».

Нягледзячы на страх і запалохваньне — з дабраслаўленьня ўраду, кажуць экспэрты, — няма ніякіх прыкметаў, што расейская вайсковая прысутнасьць неўзабаве зьнікне.

Прэзыдэнт ЦАР Фаўстын-Аршанж Туадэра сустракаецца з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным у Маскве 27 ліпеня 2023 году.
Прэзыдэнт ЦАР Фаўстын-Аршанж Туадэра сустракаецца з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным у Маскве 27 ліпеня 2023 году.

Больш за тое, Туадэра і ягоная адміністрацыя паглыбляюць сувязі з Расеяй. У мінулым месяцы Туадэра езьдзіў у Маскву, дзе яго сустракалі на чырвонай дарожцы з ганаровай вартай пад мурамі Крамля.

Месяцам раней у сталіцы ЦАР зьявіўся новы помнік: пара статуй, прысьвечаных нябожчыку Прыгожыну і Дзьмітрыю Уткіну, былому вайскоўцу, які лічыцца першым камандзірам «Вагнэра» і таксама загінуў у авіякатастрофе ў 2023 годзе.

Гэты артыкул у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы для РСЭ/РС рыхтаваў Жан-Фэрнан Куэна, а ў Празе — Мая Жыванавіч і Майк Экель.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG