На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Пазьняк напісаў:
«Мне прышлося зьвяртацца асабіста з пасланьнем да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць палітвязьняў, спыніць арышты і рэпрэсіі супраць беларусаў. Вязьняў пачалі выпускаць групамі. А нядаўна (толькі што) выпусьцілі знакавую асобу, аб якой я асабіста прасіў, — Паліну Шарэнду-Панасюк, якую ў турме мэтанакіравана катавалі і штурхалі ў магілу. Цяпер яна на свабодзе.
З боку Лукашэнкі павольнае выпусканьне вязьняў, і асабліва Паліны Шарэнды-Панасюк, — гэта гучнае сьведчаньне аб гатоўнасьці да перамоваў з Эўразьвязам па пытаньні вызваленьня палітвязьняў у абмен на спыненьне вызначаных (на перамовах) эканамічных санкцыяў. Не прыняць гэтага сыгналу ў такіх абставінах, мне здаецца, было б недаравальным працягам тупіковай палітыкі, адмаўленьнем ад эмпатыі і здаровага сэнсу».
На думку Пазьняка, «зьявілася магчымасьць рэальна выцягнуць закладнікаў-беларусаў з турэмнай катоўні — прыняць знакі на гандаль беларускімі душамі, які прапануе Лукашэнка (матэрыя — за душу). Гэта цяжка. (Гэта як гандаль зь Пеклам.) Але такая ёсьць палітыка цывілізацыі ў дачыненьнях з прарасейскай дыктатурай. Ня можа быць матэрыяльнасьць важней за душу».
Форум