Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя ўстановы купляюць кнігу пра Лукашэнку «Наш прэзыдэнт» за 200–205 рублёў, — «Люстэрка»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

У студзені на праўладным «Маратоне адзінства» ў Менску прэзэнтавалі кнігу пра Аляксандра Лукашэнку «Наш прэзыдэнт». Паводле інфармацыі партала «Люстэрка», цяпер дзяржаўныя ўстановы актыўна закупляюць гэтае выданьне і трацяць на яго бюджэтныя сродкі. Цана кнігі — 200–205 рублёў.

Кніга «Наш прэзыдэнт» выйшла ў продаж 20 студзеня сёлета, перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Яе прэзэнтавалі на праўладным «Маратоне адзінства», які можна разглядаць як частку выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод аўтараў — экс-міністар адукацыі (2003–2010) Аляксандар Радзькоў, прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, намесьнік кіраўніка ягонай адміністрацыі Ўладзімір Пярцоў, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Аляксандар Карлюкевіч.

Як паведамляла дзяржаўнае інфармагенцтва «Менск-Навіны», кніга пасьля выхаду ў продаж стала «бэстсэлерам». Як адзначае партал «Люстэрка», ня выключана, што гэтага ўдалося дамагчыся ў тым ліку за кошт вельмі актыўных закупак гэтага выданьня дзяржарганізацыямі.

У прыватнасьці, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў заплаціў за 74 кнігі 14 800 рублёў. Гэта значыць, кожная каштавала 200 рублёў.

Мінсельгасхарч набыў пяць кніг — кожную па цане 205 рублёў. Па адным выданьні купілі папраўчая калёнія-пасяленьне № 26 у Дзятлаўскім раёне і вайсковая частка 5525 у Гомлі. Пяць кніг па той жа цане набыў Спэцыялізаваны ліцэй МУС.

На сайце дзяржзакупак ёсьць яшчэ шэраг заявак на выданьне. Тры асобнікі замовіла Акадэмія МУС, 15 — Горадзенскі гарвыканкам. Апошні гатовы заплаціць за іх 3075 рублёў, то бок па 205 рублёў за кожную.

Пяць асобнікаў плянуе закупіць Навукова-практычны цэнтар Дзяржкамітэту судовых экспэртызаў, яшчэ два — Цэнтар падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС. Адзін мае намер набыць Менская спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрву № 2.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG