Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Трампа пагражае Расеі рэзка ўзмацніць санкцыйны ціск, каб прымусіць яе пакласьці канец вайне


Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША ў справах Украіны і Расеі Кіт Келаг
Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША ў справах Украіны і Расеі Кіт Келаг

Адміністрацыя Дональда Трампа гатовая рэзка ўзмацніць санкцыйны ціск на Расею, каб прымусіць яе пакласьці канец вайне ва Ўкраіне, заявіў спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША ў справах Украіны і Расеі Кіт Келаг.

Пра гэта Кіт Келаг сказаў у інтэрвію New York Post. Пры гэтым ён зноў падкрэсьліў, што саступкі спатрэбяцца і ад Кіева.

Келаг ацаніў толькі на 3 балы з 10 тое, як цяпер прымяняюцца санкцыі ў дачыненьні Расеі. Паводле яго, эканамічны націск на Маскву можна істотна ўзмацніць. Як заявіў Келаг, ёсьць магчымасьць для ўзмацненьня ўведзеных нядаўна санкцый у дачыненьні энэргетычнага сэктару Расеі.

Паводле спэцпасланьніка, прэзыдэнт Дональд Трамп вельмі добра разумее, наколькі моцным рычагом ціску зьяўляецца прымяненьне санкцый. Келаг расказаў аб тым, што ў мінулы чацьвер Трамп правёў у Авальным кабінэце Белага дому нараду з удзелам вядучых прадстаўнікоў адміністрацыі, якія займаюцца нацыянальнай бясьпекай. Абмяркоўвалася пытаньне аб тым, як можна выкарыстоўваць рэсурсы ЗША, каб пакласьці канец вайне ва Ўкраіне.

Паводле Келага, над гэтым пытаньнем працуюць многія чальцы адміністрацыі, уключаючы дзяржсакратара, міністра фінансаў, дарадцу ў нацыянальнай бясьпецы, віцэ-прэзыдэнта і самога прэзыдэнта.

Келаг пацьвердзіў, што галоўным прыярытэтам Трампа зьяўляецца перш за ўсё спыненьне актыўных баявых дзеяньняў. Пры гэтым ён зазначыў, што ціск на Расею ня можа быць толькі ваенным, паколькі краіна малаадчувальная да стратаў на фронце. Келаг прывёў прыклад Сталінградзкай бітвы падчас Другой усясьветнай вайны, у якой нават страта 700 тысяч салдатаў не спыніла Чырвонай арміі.

На думку Белага дому, урэшце Ўкраіна і Расея павінны дамовіцца аб міры, пайшоўшы пры гэтым на ўзаемныя саступкі. На якія менавіта, Келаг не сказаў, аднак прывёў прыклад пасярэдніцкай місіі ЗША з гісторыі, успомніўшы аб тым, як прэзыдэнт Тэадор Рузвэльт арганізаваў у Портсмуце ў 1905 годзе перамовы паміж Расеяй і Японіяй аб заканчэньні вайны, пасьля чаго атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Рузвэльт тады пераканаў абодва бакі пайсьці на саступкі. Расея ў выніку Портсмуцкага міру саступіла Японіі паўднёвую частку вострава Сахалін, пры гэтым ад часткі сваіх патрабаваньняў Японія ў ходзе перамоваў адмовілася.

Прэзыдэнт Трамп неаднаразова заяўляў аб неабходнасьці як мага хутчэй завяршыць вайну паміж Расеяй і Ўкраінай. Пасьля яго інаўгурацыі 20 студзеня ён яшчэ не ўступаў у кантакт з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, хаця і казаў, што гатовы яму патэлефанаваць. У Крамлі пацьвярджаюць гатоўнасць да перамоваў з ЗША, у той жа час афіцыйна настойваючы на тым, што для Расеі непрымальнае «замарожваньне» канфлікту і адмова ад раней выказаных Масквой патрабаваньняў да Ўкраіны.

Адміністрацыя Трампа пакуль не прадставіла канкрэтных прапановаў для дасягненьня міру ва Ўкраіне, але абяцала гэта зрабіць на наступным тыдні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG