Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узброеныя сілы Ўкраіны пачалі новую сэрыю мэханізаваных штурмаў у Курскай вобласьці


Украінскі вайсковец каля зьнішчанага помніка Ўладзіміру Леніну на цэнтральнай плошчы ў Суджы Курскай вобласьці, 21 жніўня 2024. Ілюстрацыйнае фота
Украінскі вайсковец каля зьнішчанага помніка Ўладзіміру Леніну на цэнтральнай плошчы ў Суджы Курскай вобласьці, 21 жніўня 2024. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зафіксавалі новую сэрыю мэханізаваных батальённых штурмаў украінскіх войскаў, накіраваных на тое, каб вярнуць свае страчаныя пазыцыі ў Курскай вобласьці.

Як адзначаецца ў справаздачы ISW за 6 лютага, украінскія войскі прасунуліся прыблізна на 5 кілямэтраў у тыле расейскіх пазыцый на паўднёвы ўсход ад Суджы Курскай вобласьці.

«Геалякацыйныя кадры, апублікаваныя 6 лютага, сьведчаць, што ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся на паўднёвы захад ад Махноўкі (паўднёвы ўсход ад Суджы) і на поўнач і ўсход ад Чаркаскай Канапелькі (паўднёвы ўсход ад Суджы) уздоўж трасы 38К-028 Суджа — Абаянь і захапілі Калмакоў (на поўнач ад Чаркаскай Канапелькі) і Фанасееўку (на паўднёвы ўсход ад Чаркаскай Канапелькі)», — адзначаецца ў справаздачы.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ўкраінскія войскі атакавалі ў некалькі хваляў у кірунку Чаркаскай Канапелькі і вёскі Ўланок (на паўднёвы ўсход ад Чаркаскай Канапелькі ўздоўж трасы 38К-028) з выкарыстаньнем бранятэхнікі сіламі да двух мэханізаваных батальёнаў і што расейскія войскі адбілі атаку. Паводле расейскіх вайсковых блогераў, украінскія сілы атакавалі пры дапамозе 30-50 адзінак бранятэхнікі.

«Зьвязаны з Крамлём расейскі вайсковы блогер сьцьвярджаў, што ўкраінскія сілы захапілі Чаркаскую Канапельку, але два іншыя зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю. Некаторыя расейскія крыніцы сьцьвярджалі, што ўкраінскія сілы прарваліся да вёскі Ўланок або нават захапілі яе, але іншыя крыніцы абвяргалі гэтую інфармацыю. ISW пакуль ня мае геалякацыйных доказаў, якія б пацьвярджалі, што ўкраінскія сілы дзейнічаюць на тэрыторыі вёскі Ўланок», — адзначылі аналітыкі.

У ISW зьвярнулі ўвагу на занепакоенасьць расейскіх блогераў тым, што далейшае прасоўваньне ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласьці можа пагражаць тылавым раёнам расейскай групоўкі, якая атакуе Гуева (на поўдзень ад Суджы), і ўскладніць здольнасьць Расеі перакрыць украінскія наземныя лініі сувязі ў межах украінскай апэрацыі ў Курскай вобласьці.

Што кажуць ва Ўкраіне

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны кожны дзень у сваіх зьвядзеньнях інфармуюць аб колькасьці расейскіх атак на пазыцыі ўкраінскага войска ў Курскай вобласьці.

Згодна з паведамленьнем 7 лютага на 8:00 раніцы, падразьдзелы Сіл абароны Ўкраіны за апошні дзень адбілі пяць атак расейцаў.

«Апроч таго, вораг нанёс 47 авіяцыйных удараў з выкарыстаньнем 76 кіраваных бомбаў, а таксама ажыцьцявіў 612 артылерыйскіх абстрэлаў пазыцый (украінскіх) войскаў і населеных пунктаў, у тым ліку 11 — з рэактыўных сыстэм залпавага агню», — адзначылі ў Генштабе Ўкраіны.

Інфармацыі аб зьменах украінскіх пазыцый у Курскай вобласьці няма.

У той жа час, 6 лютага курскую апэрацыю згадаў у сваім звароце прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і назваў дзеяньні ўкраінскага войска ў Курскай вобласьці «актыўнымі».

«Нашы актыўныя дзеяньні на тэрыторыі Расеі: мы вярнулі вайну дадому, у Расею. І менавіта там павінны адчуваць, што такое вайна. І адчуваюць», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, украінскія вайскоўцы прадэманстравалі, што нават ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў могуць дзейнічаць актыўна, нечакана і вынікова. Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што ў выніку Курскай апэрацыі ўдалося «значна павялічыць абменны фонд» — у палон захапілі «сотні і сотні» расейскіх вайскоўцаў, а таксама з Паўночнай Карэі, якія цяпер знаходзяцца на лячэньні пасьля цяжкіх раненьняў.

Галоўнакамандуючы ўкраінскімі войскамі Аляксандар Сырскі пасьля сустрэчы з швэдзкім калегам Мікаэлем Класанам паведаміў, што яму было прыемна пачуць ад галоўнакамандуючага войскамі Швэцыі «высокую ацэнку курскай наступальнай апэрацыі Сіл абароны Ўкраіны».

Што папярэднічала

Узброеныя сілы Ўкраіны пачалі апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня 2024 году. У выніку наступу яны змаглі заняць больш за 1тысячы квадратных кілямэтраў.

У лістападзе 2024 году агенцтва Reuters з спасылкай на высокапастаўленую ўкраінскую вайсковую крыніцу з Генэральнага штабу Ўкраіны паведаміла, што Ўкраіны пасьля расейскай контратакі страціла больш за 40 % захопленай у пачатку апэрацыі тэрыторыі.

У Генштабе Ўкраіны абгрунтавалі курскую апэрацыю неабходнасьцю папярэдзіць новы наступ Расеі на Сумскую і Харкаўскую вобласьці. На гэтым тыдні Аляксандар Сырскі сярод прыярытэтаў Узброеных сіл Украіны назваў апэрацыю ў Курскай вобласьці і ўдары па вайсковых аб’ектах Расеі ў глыбіні расейскай тэрыторыі.

За паўгоду, паводле ацэнак украінскага боку, Расея на курскім кірунку страціла прыблізна 39 900 сваіх вайскоўцаў, у тым ліку 16 100 — загінулі. У часе апэрацыі ўкраінскія войскі ўзялі ў палон 909 расейскіх вайскоўцаў.

Паводле расейскіх ацэнак, Украіна за ўсю апэрацыю нібыта страціла «57 655 вайскоўцаў, 334 танкі, 244 баявыя машыны пяхоты, 93 бронетранспартэры, 1744 баявыя браняваныя машыны, 1827 аўтамабіляў, 409 адзінак артылерыйскага ўзбраеньня, 45 пускавых установак рэактыўных сыстэм залпавага агню, у тым ліку 13 HIMARS і 6 MLRS вытворчасьці ЗША, 17 пускавых установак зэнітных ракетных комплексаў» і гэтак далей.

Ва ўмовах вайны спраўдзіць у незалежных крыніцах інфармацыю аб стратах, якія ўзаемна агучваюць бакі, немагчыма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG