Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага вайскоўца, якога ва Ўкраіне падазраюць у расстрэле жыхара Бучы, прызначылі ва ўрад Арэнбурскай вобласьці


Дзяніс Пасьлер (зьлева) і Нурсултан Мусагалееў
Дзяніс Пасьлер (зьлева) і Нурсултан Мусагалееў

Удзельнік расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Нурсултан Мусагалееў прызначаны выканаўцам абавязкаў намесьніка міністра рэгіянальнай і інфармацыйнай палітыкі Арэнбурскай вобласьці, паведаміў 6 лютага кіраўнік рэгіёну Дзяніс Пасьлер.

Мусагалееў, паводле зьвестак Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ), быў камандзірам выведнага ўзводу 104-га палку 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл РФ. Ён атрымаў званьне «Героя Расеі», узнагароджаны трыма ордэнамі Мужнасьці і мэдалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» II ступені.

Пасьля ўдзелу ў вайне супраць Украіны Нурсултан Мусагалееў прайшоў стажыроўку ў рамках кадравай праграмы «Час герояў», створанай з ініцыятывы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Як паведаміў кіраўнік рэгіёну, праца Мусагалеева будзе зьвязаная, у прыватнасьці, з каардынацыяй дзейнасьці грамадзкіх арганізацый па падтрымцы ўдзельнікаў вайны супраць Украіны, вэтэранаў і іх сем’яў.

Ва Ўкраіне Мусагалеева абвінавачваюць у парушэньні законаў і звычаяў вайны. Паводле СБУ, 24 лютага 2022 году ён прыбыў у Бучанскі раён для падрыхтоўкі да наступу на Кіеў. У час знаходжаньня на тэрыторыі раёну Мусагалееў «удзельнічаў у так званых „зачыстках“, накіраваных на здушэньне руху супраціву і запалохваньне жыхароў рэгіёну», гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Нурсултан Мусагалееў таксама загадаў сваім падначаленым выкрасьці 29-гадовага мясцовага жыхара, які праяжджаў на аўтамабілі праз расейскі блёкпост. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта дапамагае ўкраінскім вайскоўцам будаваць фартыфікацыйныя ўмацаваньні пад Кіевам. «Пацярпелага вывезьлі ў лес паблізу пасёлка Дзьмітраўка, дзе працяглы час жорстка катавалі, а потым на загад Мусагалеева расстралялі і кінулі цела на месцы забойства», — сьцьвярджаюць у СБУ.

Украінская спэцслужба заявіла аб устанаўленьні асобаў двух падначаленых Мусагалеева, якія, паводле вэрсіі сьледзтва, расстралялі пацярпелага. Паводле ведамства, гэта намесьнік камандзіра ўзводу старшы сяржант Аляксей Калесьнікаў і камандзір 2-га аддзяленьня падразьдзелу сяржант Аляксандар Вісялкоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG