У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны мяркуюць, што Курская апэрацыя ўжо паўгода выконвае функцыю папярэджаньня новага расейскага наступу на Сумскую і Харкаўскую вобласьці.
«Курская наступальная апэрацыя мела за мэту не дапусьціць новага наступу ворага ў Сумскай і Харкаўскай абласьцях. Гэтая апэрацыя і праз 6 месяцаў выконвае вызначаную функцыю», — адзначаецца ў паведамленьні Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны.
Украінскія войскі пачалі Курскую апэрацыю 6 жніўня 2024 году і працягваюць яе дагэтуль. Упершыню з 2014 году, калі расейскія войскі ўпершыню ўварваліся ва Ўкраіну, баявыя дзеяньні перанесьлі на тэрыторыю Расеі.
Паводле Генштабу, украінскія войскі і далей «працягваюць утрымліваць сотні квадратных кілямэтраў „буфэрнай зоны“ у Расеі».
У выніку гэтай апэрацыі, сьцьвярджаюць ва ўкраінскім Генштабе, Расея вымушана была перакідваць значныя рэсурсы зь іншых кірункаў фронту і прасіць дапамогі ў Паўночнай Карэі.
Паводле ацэнкі ўкраінскага боку, Расея накіравала ў Курскую вобласьць 12 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
«Агульныя страты кантынгенту КНДР склалі прыблізна 4 тысячы асобы. З трох паўночнакарэйскіх брыгад фактычна адна зьнішчаная, дзьве страцілі баяздольнасьць. У выніку цяпер падразьдзелы з КНДР адвялі ад лініі фронту», — адзначаецца ў паведамленьні.
Ва Ўкраіне падлічылі, што страты Расеі ў жывой сіле за паўгода баявых дзеяньняў у Курскай вобласьці склалі 39 900 вайскоўцаў, зь якіх 16 100 загінулі.
Паводле Генштабу Ўкраіны, Расея мае вялікія страты і ў вайсковай тэхніцы, у тым ліку 131 танк, 689 баявых браняваных машын, 386 артылерыйскіх сыстэм, 12 рэактыўных сыстэм залпавага агню, 12 сродкаў СПА, адзін самалёт, тры верталёты, 931 бесьпілётнік, 1164 адзінкі аўтамабільнай і 24 — спэцыяльнай тэхнікі.
«У часе апэрацыі ўкраінскія сілы ўзялі ў палон 909 расейскіх вайскоўцаў, якія істотна папоўнілі абменны фонд. Гэта дазволіла вярнуць дадому сотні ўкраінскіх абаронцаў, якія знаходзіліся ў расейскіх турмах», — паведамілі ў Генштабе Ўкраіны.
Аб стратах Украіны ў часе Курскай апэрацыі нічога не паведамляюць.
Украінскія страты ў Курскай апэрацыі падлічылі ў Расеі
Расейскі бок, як і ўкраінскі, не паведамляе аб сваіх стратах за паўгода баявых дзеяньняў на тэрыторыі Курскай вобласьці.
У Міністэрстве абароны Расеі кожны дзень называюць амаль аднолькавыя лічбы ўкраінскіх стратаў у жывой сілы і тэхніцы — ад 210 да 345 вайскоўцаў, а таксама да 40 адзінак рознага віду вайсковай тэхнікі.
За ўсю апэрацыю, паводле расейскіх ацэнак, Украіна нібыта страціла «57 655 вайскоўцаў, 334 танкі, 244 баявыя машыны пяхоты, 93 бронетранспартэры, 1744 баявыя браняваныя машыны, 1827 аўтамабіляў, 409 адзінак артылерыйскага ўзбраеньня, 45 пускавых установак рэактыўных сыстэм залпавага агню, у тым ліку 13 HIMARS і 6 MLRS вытворчасьці ЗША, 17 пускавых установак зэнітных ракетных комплексаў» і гэтак далей.
Ва ўмовах вайны спраўдзіць у незалежных крыніцах інфармацыю аб стратах, якія ўзаемна агучваюць бакі, немагчыма.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум