Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк расказвае пра «гістарычнае» падключэньне краінаў Балтыі да эўрапейскай электрасеткі, яго значэньне і магчымыя наступствы.
Што варта ведаць
Ужо ў гэтыя выходныя, 8 лютага, тры краіны Балтыі — Эстонія, Латвія і Літва — адключацца ад сеткі электраперадачы IPS/UPS, якая зьвязвае Расею, Беларусь і расейскі Калінінград. На наступны дзень яны далучацца да сынхроннай сеткі кантынэнтальнай Эўропы (таксама вядомай як сетка UCTE), якая ўключае большасьць эўрапейскіх краін, ад Партугаліі на захадзе да Ўкраіны і Турэччыны на ўсходзе.
Для краінаў Балтыі гэты крок, вядомы як «Балтыйская сынхранізацыя», — гістарычны момант. Гэта азначае, што кіраваць сваімі пастаўкамі электраэнэргіі будуць яны, а не Масква. Дыпляматы з Балтыйскага рэгіёну, зь якімі я размаўляў, разглядаюць гэты крок як вызваленьне ад апошніх «рэшткаў савецкай эпохі», параўноўваючы яго з тым, як савецкія войскі пакінулі краіны Балтыі ў 1990-х гадах.
Першапачаткова меркавалася, што так званая «Балтыйская сынхранізацыя» адбудзецца ў канцы 2025 году, але яе перанесьлі амаль на 11 месяцаў раней, шмат у чым з прычыны вайны ва Ўкраіне і жаданьня краін Балтыі цалкам пазбавіцца залежнасьці ад патэнцыйнага расейскага энэргетычнага шантажу.
Перадгісторыя
Гэта быў доўгі шлях. Краіны Балтыі ўпершыню заявілі пра сваю гатовасьць далучыцца да эўрапейскай энэргасыстэмы яшчэ ў 2007 годзе, а потым падалі заяўку ў 2018 годзе. Летась яны паведамілі Маскве і Менску, што выйдуць з пагадненьня, якое трымала іх у сетцы электраперадачы IPS/UPS.
Падключэньне да эўрапейскай кантынэнтальнай электрасеткі краінам Балтыі давялося рыхтаваць пэўны час, бо сынхранізацыя — гэта ня проста тэхнічны працэс, гэта і юрыдычны працэс зь вялікай колькасьцю дакумэнтаў і перамоваў. «Гэта ня надта адрозьніваецца ад далучэньня да эўразоны або [бязьвізавай] Шэнгенскай [зоны]», — сказаў мне адзін балтыйскі дыплямат.
Краіны Балтыі таксама рыхтуюць сваю інфраструктуру, кошт гэтых працаў — 1,6 млрд эўра (1,64 млрд даляраў ЗША), 75% зь якіх паступаюць зь бюджэту Эўразьвязу. Гэтыя грошы былі неабходныя, каб збудаваць паветраныя лініі электраперадач, палепшыць кіраваньне частатой, удасканальваць і будаваць падстанцыі і мадэрнізаваць ІТ-сыстэмы.
Асноўныя інвэстыцыі былі накіраваныя на падключэньне балтыйскай энэргасыстэмы да кантынэнтальнай сеткі. Пакуль што існуе толькі адно злучэньне — LitPol Link паміж Літвой і Польшчай. Яшчэ адно злучэньне паміж краінамі, так званае Harmony, павінна быць гатовае ў 2030–2031 гадах.
Тлумачым у дэталях
Краіны Балтыі зьвязаныя зь Фінляндыяй і Швэцыяй падводнымі энэргетычнымі кабэлямі Estlink 1&2 і Nordbalt. Але хоць гэтыя сувязі жыцьцёва важныя для імпарту і экспарту электраэнэргіі, іх нельга выкарыстоўваць для «рэгуляваньня частаты» і «балянсаваньня паслуг» — ключавых кампанэнтаў кіраваньня энэргасыстэмай. Тут ёсьць і яшчэ адна праблема: Швэцыя, Фінляндыя, Нарвэгія, а таксама ўсходнія раёны Даніі належаць не да кантынэнтальнай сеткі электрасувязі, а да скандынаўскай.
Эстонія першапачаткова настойвала на сынхранізацыі з скандынаўскай сыстэмай, але ўрэшце краіны Балтыі выбралі кантынэнтальнае злучэньне.
Той факт, што бліжэйшыя гады з кантынэнтальнай сеткай будзе толькі адзін злучальнік, LitPol Link, можа стаць праблемай. Паміж адключэньнем ад сеткі IPS/UPS 8 лютага і сынхранізацыяй з кантынэнтальнай сеткай 9 лютага краіны Балтыі застануцца ў так званым «астраўным рэжыме». Верагодна, адключэньняў электраэнэргіі ня будзе, але складана будзе кіраваць частотамі, калі яны не падключаныя да пэўнай сеткі.
Дыплямат, які мае ўяўленьне аб працэсе і пажадаў застацца ананімным, сказаў мне, што ён будзе занепакоены 8 лютага і што «падрыхтоўка сапраўды напружаная». А пры наяўнасьці толькі аднаго злучальнага элемэнта з кантынэнтам «астраўны рэжым» можа здарацца часьцей — у выпадку рамонту ці дрэннага надвор’я.
Краіны Балтыі таксама могуць быць уразьлівыя на так званыя гібрыдныя атакі. Не засталося незаўважаным, што некалькі падводных балтыйскіх трубаправодаў і кабэляў былі летась разарваныя або пашкоджаныя. Выказваліся падазрэньні, што адказнасьць за гэтыя пашкоджаньні нясе Расея. У нейкай ступені гэта таксама падмацавала рашэньне злучыць сеткі з Польшчай па сушы, а не па дне.
Балтыйскія дыпляматы, зь якімі я размаўляў, кажуць: яны ўпэўненыя, што нядаўнія інцыдэнты на моры зьвязаныя з «Балтыйскай сынхранізацыяй». Адзін зь іх сказаў мне: «Ёсьць відавочная сувязь з тым, што адбываецца ў Балтыйскім моры, асабліва калі паглядзець на намеры, магутнасьці, магчымасьці і паслужны сьпіс». Іншы дыплямат адзначыў: «Расейцы раздражнёныя. Я магу толькі меркаваць, але гэта дэмантаж інфраструктуры старой імпэрыі. Але шляху назад няма, дэсынхранізацыя павінна адбыцца».
Дагэтуль прыбалтыйскія дыпляматы заяўлялі, што Расея і Беларусь дзейнічалі прафэсійна і гулялі па правілах, калі гаворка зайшла пра выхад з пагадненьня паміж краінамі Балтыі і Беларусьсю і Расеяй. Але нават калі за выходныя нічога не адбудзецца, усё роўна ёсьць асьцярогі, што Крэмль можа зьмяніць тактыку і ў будучыні зьвярнуцца да розных «гібрыдных» захадаў.
Нягледзячы на гэта, краіны Балтыі застануцца ўразьлівымі. Тысячы кілямэтраў паветраных ліній электраперадач, сотні падстанцыяў — абараніць усё фізычна немагчыма. Як аптымістычна выказаўся адзін з прыбалтыйскіх дыпляматаў, ёсьць дастаткова сувязяў і рэзэрваў, каб «працаваць у астраўным рэжыме без асаблівых нязручнасьцяў», піша Рыкард Юзьвяк.
Форум