«Мы вяртаем з расейскага палону 150 нашых абаронцаў. Гэта салдаты, сяржанты, афіцэры. Вайскоўцы Вайскова-марскіх сіл, якія трапілі ў палон у Марыюпалі і Запароскай вобласьці, Паветраных сіл, вайскоўцы Дэсантна-штурмавых і Сухапутных войскаў, нацгвардзейцы, памежнікі, тэрабаронаўцы, а таксама паліцыянт. Усе яны з розных напрамкаў фронту, але іх аб’ядноўвае агульнае: яны змагаліся за Ўкраіну», — напісаў Зяленскі.
Паводле яго, некаторыя з вызваленых вайскоўцаў прабылі ў палоне больш за два гады.
Як паведамляе Мінабароны Расеі, 150 расейскіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзе ім аказваюць псыхалягічную і мэдычную дапамогу, а таксама далі магчымасьць зьвязацца са сваякамі. Пазьней іх даставяць у Расею для лекаваньня і рэабілітацыі.
Пасьля таго як Украіна пачала Курскую апэрацыю, усе абмены палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. На перамовах пра абмен палоннымі і непасрэдна ў працэсе абмену, як заўважыла раней Свабода, прысутнічаюць прадстаўнікі афіцыйнага Менску.
Форум