Падлетка з Ваўкавыску асудзілі за зрэзаны дзяржаўны сьцяг
У судзе Ваўкавыскага раёну 21 студзеня асудзілі 16-гадовага Леаніда Трафімовіча паводле арт. 370 КК («зьдзек з дзяржаўнай сымболікі»).
Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргейка.
Паводле матэрыялаў сьледзтва, Леанід, знаходзячыся на даху будынку, зрэзаў нажом чырвона-зялёны сьцяг. Паведамлялася, што падлетак у пад’езьдзе чакаў сябра.
Узламаўшы дзьверы на дах шматпавярховага дома, ён убачыў сьцяг, зрэзаў яго сьцізорыкам і схаваў у сябе дома ў шафе. Пазьней супрацоўнікі ЖКГ заўважылі зьнікненьне і зьвярнуліся ў міліцыю.
У Кобрыне за ўдзел у пратэстах судзяць чатырох мясцовых жыхароў
У судзе Кобрынскага раёну 5 лютага пачалі судзіць чатырох мясцовых жыхароў за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: Івана Бурліка, Віктара Вярбіцкага, Аляксандра Дзьмітрука і Івана Літвіна, паведамляе «Вясна».
Усіх іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Гэта другі працэс у горадзе з 2020 году паводле «народнага» артыкула, адзначаюць праваабаронцы.
Справу разглядае судзьдзя Аляксей Кміта.
У 2024 годзе сілавікі пэрыядычна ладзілі рэйды ў Кобрыне за ўдзел у пратэстах чатырохгадовай даўніны. Так, напрыканцы жніўня затрымалі Івана Літвіна, якога цяпер судзяць.
У Паставах за «экстрэмізм» асудзілі маладую сямейную пару
10 хвілін адвяла судзьдзя Натальля Максімовіч на разгляд пратакола ў дачыненьні да 29-гадовага Яўгена Радзевіча. А неўзабаве яна разгледзела і справу Луізы Радзевіч.
Суджэнцам ставілі ў віну «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Вынік суду праваабаронцам невядомы.
У Мёрах суды за «распаўсюд экстрэмізму»
У Мёрах судзяць загадчыцу сэктара ў Беларусбанку Алу Катлярэнку паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Весьці працэс прызначаная судзьдзя Ірына Яскевіч, паведамляюць праваабаронцы.
Па гэтым самым артыкуле 7 лютага ў судзе Мёрскага раёну будуць судзіць яшчэ адну жанчыну — Алену Слуцкую (яе судзіць Вераніка Кісьляк). Старонкі Алы і Алены ў сацыяльных сетках ужо закрытыя.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» песьню «А.С.А.В.» гурту «Руки на одеяло»
Адпаведнае рашэньне прыняў суд Гомельскага раёну 4 лютага, паведамляе «Вясна».
Таксама «экстрэмісцкі сьпіс» папоўнілі
- TikTok-старонкі «onlineua», «belaruski_krok»,
- старонкі ў Instagram «nina_a_sh», «belarusians.lietuva1», «leanidmyshlenik», «throughcameraprism».
Форум