Пра гэта паведаміў кіраўнік рэгіёну Веньямін Кандрацьеў.
«У станіцы Навамінскай Канеўскага раёну абломкі БПЛА ўпалі на рэзэрвуар зь нязначнымі рэшткамі нафтапрадуктаў. Пачаўся пажар, яму прысвоены другі ранг складанасьці. На месцы здарэньня працуюць спэцыяльныя службы», — заявіў Кандрацьеў.
Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма. Мясцовыя ўлады сьцьвярджаюць, што пажар удалося лякалізаваць.
Як расказалі тэлеграм-каналу Astra мясцовыя жыхары, пацярпела нафтабаза ТАА «Албашнафта». Як сказана на сайце кампаніі, ТАА «Албашнафта» — «адзінае нафтаперапрацоўчае прадпрыемства на тэрыторыі Канеўскага раёну Краснадарскага краю».
Міністэрства абароны РФ тым часам адсправаздачылася, што за ноч сродкі СПА зьбілі 4 бесьпілётнікі над двума расейскімі рэгіёнамі: два дроны над тэрыторыяй Курскай вобласьці і два — над тэрыторыяй Белгарадзкай. Аб удары бесьпілётнікаў па Краснадарскім краі, дзе загарэлася нафтабаза, ведамства ня згадвае.
Форум