Заявы Дональда Трампа прагучалі пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу ў Белым доме.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 4 лютага абвясьціў прапанову, згодна зь якой палестынцы, што застаюцца перамешчанымі асобамі, пакінуць сэктар Газа, і гэта дазволіць Злучаным Штатам узяць ва ўласнасьць прыбярэжную тэрыторыю і разьвіць яе эканамічна ў «фэнамэнальнае» месца, дзе многія нацыянальнасьці змогуць жыць у міры.
Трамп заявіў, што гэта адбудзецца пасьля перасяленьня палестынцаў у іншыя краіны, каб вывесьці іх з таго, што ён назваў «пякельнай ямай» з разбуранымі дамамі пасьля больш як году вайны паміж Ізраілем і ХАМАС, прызнаным тэрарыстычнай арганізацыяй ЗША і Эўрапейскім зьвязам.
Трамп зрабіў нечаканую прапанову на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу, заявіўшы, што такі рашучы крок неабходны, таму што іншыя ідэі для спыненьня дзесяцігодзьдзяў канфлікту паміж палестынскім народам і ізраільцянамі не спрацавалі.
Ягоная прапанова аб сэктары Газа прывядзе да таго, што ЗША возьмуць праблему на сябе і, як відаць, перакуліць шматгадовую палітыку Вашынгтона, якая заклікала да разьвязаньня ізраільска-палестынскага канфлікту праз суіснаваньне дзьвюх дзяржаў.
Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты будуць працаваць над тым, каб сабраць усе неразарваныя бомбы і іншую зброю на гэтай тэрыторыі і прыбраць руіны перад эканамічным разьвіцьцём тэрыторыі.
«Калі гэта неабходна, мы зробім гэта, мы возьмем гэты кавалак, мы будзем разьвіваць яго, створым тысячы і тысячы працоўных месцаў, і гэта будзе тое, чым можа ганарыцца ўвесь Блізкі Ўсход», — дадаў Трамп.
У канцы студзеня Трамп заклікаў арабскія краіны прымаць больш палестынскіх уцекачоў з сэктару Газа.
Прэзыдэнт ЗША не адразу расказаў падрабязнасьці аб тым, куды могуць перасяліць палестынцаў, але сказаў, што падтрымае іх перасяленьне «назаўсёды» ў іншыя краіны. Раней у той жа дзень ён паўтарыў свой заклік да Ярданіі, Эгіпта і іншых арабскіх дзяржаў прыняць жыхароў Газы. ХАМАС жа цьвёрда настойвае на тым, што хоча застацца ў Газе.
Высокапастаўлены чыноўнік ХАМАС Самі Абу Зухры раней асудзіў заклікі Трампа да жыхароў Газы пакінуць Газу як «выгнаньне са сваёй зямлі».
Марк Дубавіц, генэральны дырэктар Фонду абароны дэмакратый, сказаў, што Трамп, магчыма, выставіў гэтую ідэю, каб падняць стаўкі пасьля таго, як арабскія краіны адмовілі яму ў просьбе прыняць палестынцаў.
«Цяпер ён узмацняе ціск: калі вы не возьмеце іх, мы вывезем іх самі і возьмем пад кантроль Газу», — сказаў Дубавіц у эфіры X.
«Клясычны Трамп: дайсьці да крайнасьці, прымусіўшы тое, што калісьці здавалася абуральным, раптам выглядаць разумнай залатой сярэдзінай».
У заяве, апублікаванай пасьля прапановы Трампа, ХАМАС адхіліў ідэю аб тым, што жыхары Газы павінны пакінуць тэрыторыю.
«Мы адхіляем заявы Трампа, у якіх ён казаў, што ў жыхароў сэктару Газа няма іншага выбару, акрамя як сысьці, і лічым іх рэцэптам стварэньня хаосу і напружанасьці ў рэгіёне», — заявіў ХАМАС.
Міністэрства замежных спраў Саудаўскай Арабіі выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што незалежная палестынская дзяржава зьяўляецца іх «цьвёрдай, нязьменнай і непахіснай пазыцыяй».
У заяве адзначаецца, што насьледны прынц Мухамад бін Сальман, фактычны кіраўнік краіны, заявіў, што Саудаўская Арабія ня спыніць працы ў стварэньні незалежнай палестынскай дзяржавы са сталіцай ва Ўсходнім Ерусаліме.
Трамп сказаў, што абмяркоўваў сваю прапанову з Нэтаньягу падчас іх сустрэчы ў Белым доме. Ён таксама сказаў, што падняў гэтае пытаньне зь іншымі лідэрамі краін Блізкага Усходу і сьцьвярджаў, што гэта было прыхільна сустрэта.
Нэтаньягу заявіў, што Трамп бачыць іншую будучыню для сэктару Газа, які, па яго словах, стаў крыніцай многіх «выпрабаваньняў і нягод» для ізраільскага народу.
«У яго іншая ідэя, — сказаў Нэтаньягу. — Гэта тое, што можа зьмяніць гісторыю, і гэта сапраўды варта таго, каб ісьці па гэтым шляху».
Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
- 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум