Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Польшы спыніла расьсьледаваньне па факце нападу на Яна Маліцкага, які стварыў Праграму Каліноўскага


Ян Маліцкі, архіўнае фота
Ян Маліцкі, архіўнае фота

Варшаўская пракуратура спыніла расьсьледаваньне ў справе аб нанясеньні цялесных пашкоджаньняў прафэсару Яну Маліцкаму, дырэктару стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Ён заявіў пра напад на яго ў варшаўскім парку ў сьнежні 2024 году.

Расьследаваньне спынілі, бо «ўстаноўлена, што ніякага дзеяньня ўчынена не было», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Варшаўскай пракуратуры ад 4 лютага.

Адзначаецца, што ў ходзе сьледзтва правялі пяць допытаў Яна Маліцкага, дапыталі 11 іншых сьведкаў, правялі агляд месца здарэньня і агляд пацярпелага, вывучылі запісы відэаназіраньня, тэлефон і атрымалі судова-мэдыцынскае заключэньне аб траўмах Маліцкага з указаньнем таго, як яны былі атрыманыя.

«Пры параўнаньні паказаньняў пацярпелага боку з сабранымі доказамі было ўстаноўлена, што ніводзін з доказаў не дае падставаў меркаваць, што цялесныя пашкоджаньні, атрыманыя Янам Маліцкім, былі выкліканыя дзеяньнем або бязьдзейнасьцю іншай фізычнай асобы», — гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры.

Пракурор прыйшоў да высновы, што Маліцкі атрымаў траўмы ў выніку няшчаснага выпадку: «пацярпелы спатыкнуўся аб няроўнасьць тратуару або прыступак лесьвіцы ў Казімежаўскім парку, што магло прывесьці да страты памяці, пра што ён сам заяўляў».

Пастанова пракуратуры пакуль не набыла законнай сілы і можа быць абскарджаная, гаворыцца ў паведамленьні.

20 сьнежня 2024 году дырэктарка Школы ўсходніх моваў пры Цэнтры Ўсходняй Эўропы Інга Катаньска паведаміла, што ў ноч на 20 сьнежня ў Казіміраўскім парку ў цэнтры Варшавы, быў замах на жыцьцё кіраўніка Цэнтру і дырэктара стыпэндыяльнай праграмы Каліноўскага Яна Маліцкага. Паводле яе, двое мужчын спыталі ў Маліцкага, як яго зваць. Калі Маліцкі назваўся, атрымаў удар па галаве і страціў прытомнасьць. Прафэсара даставілі ў шпіталь у Варшаве, у яго дыягнаставалі пералом чэрапа, дзьве гематомы і страсеньне мазгоў.

Пазьней у інтэрвію польскім СМІ Ян Маліцкі таксама сьцьвярджаў, што быў пабіты невядомымі ў варшаўскім Казімежаўскім парку ў другой палове сьнежня 2024 году.

Журналісты польскага тэлеканалу tvn24.pl прааналізавалі запісы з камэраў відэаназіраньня ў парку, дзе адбыўся інцыдэнт, і не пацьвердзілі прысутнасьці падазроных асобаў каля Маліцкага. Паводле выданьня, ратавальнікі зафіксавалі ў сваёй дакумэнтацыі, што Маліцкі быў у стане алькагольнага ап’яненьня і ўпаў зь лесьвіцы. Маліцкі не казаў ім, што яго білі, і папрасіў адвезьці яго дадому, але з прычыны траўмаў галавы ратавальнікі даставілі яго ў шпіталь. Пра зьбіцьцё Маліцкі не казаў і лекарам у шпіталі, які пакінуў у тую ж ноч. Прафэсар упершыню заявіў, што яго пабілі, толькі на наступны дзень пасьля здарэньня, калі яму стала горш і ён зноў выклікаў «хуткую», пісала выданьне. У размове з журналістамі tvn24.pl Маліцкі прызнаўся, што ў мэдыцынскай карце ёсьць «падзеньне зь лесьвіцы».

  • Ян Маліцкі — Дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту і дырэктар стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Праграма імя Каліноўскага — польская дзяржаўная стыпэндыяльная праграма дапамогі беларускай моладзі, створаная ў 2006 годзе пасьля разгону Плошчы-2006 і пачатку хвалі рэпрэсій. Праграма прызначалася для студэнтаў, адлічаных зь беларускіх ВНУ з палітычных прычынаў. Зь цягам часу на праграму таксама пачалі прымаць беларусаў, якія ня могуць працягваць сваю адукацыю ў Беларусі праз свае палітычныя погляды, якія ўдзельнічалі ў абароне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG