Пра гэта і пра іншае мы гаворым з супрацоўнікам Інстытуту гісторыі польскай Акадэміі навук, доктарам гістарычных навук Аляксандрам Грушам.
0:00 — калі Расея пачала фармаваць асноўныя пастуляты сваёй гістарычнай прапаганды
7:02 — калі маскоўцы пачалі марыць пра Кіеў
8:40 — як беларускім гісторыкам рэагаваць на маскоўскую прапаганду
13:14 — калі не прапаганду, то што можна проціпаставіць расейскім гістарычным мітам
18:41 — як рэагаваць на заявы Дзьмітра Кулебы пра тое, што Гомель і Магілёў зьяўляюцца гістарычнымі ўкраінскімі землямі
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Аляксандрам Грушам:
— Радыё Свабода заснавала свой гістарычны Ютуб-канал ў 2023 годзе для таго, каб ва ўмовах гістарычнай прапаганды і распаўсюджваньня расейскіх гістарычных наратываў даносіць да гледача і слухача пазыцыю прафэсійных беларускіх гісторыкаў. Мы гаворым пра тое, што нават на этапе ідэалягічнай падрыхтоўкі да пачатку вайны ва Ўкраіне ў Расеі выкарыстоўвалі (і працягваюць выкарыстоўваць) свой спэцыфічны погляд на гісторыю ўсходнеславянскіх народаў. Калі наогул у Расеі пачала фармавацца іх вэрсія, іх канцэпцыя гісторыі?
— Насамрэч, гэта пачалося вельмі даўно. Гэты погляд сфармаваўся не ў ХХІ-м, не ў ХХ-м і нават не ў ХІХ ці XVIII стагодзьдзях. Пачатак гэтага сягае ў XV стагодзьдзе.
Калі ў 1492 годзе памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Казімір, а ў Вялікім Княстве Літоўскім на трон узышоў яго сын Аляксандар Ягелончык, то ў дыпляматычнай перапісцы вопытны палітык, маскоўскі гаспадар Іван ІІІ Васілевіч стаў патрабаваць ад Аляксандра, каб той зьвяртаўся да яго не інакш як да вялікага князя ўсяе Русі і гаспадара ўсяе Русі.
Гэта быў спосаб прад’явіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на рускія землі Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, трохі пазьней, у канцы XV стагодзьдзя Іван ІІІ прамым тэкстам заявіў, што руская зямля Божай воляй спрадвеку зьяўляецца спадчынай яго продкаў.
Гаворка ідзе пра «Рускую зямлю», у склад якой уваходзілі і Полацак, і Віцебск, і гарады і тэрыторыі Падняпроўя, і Задзьвіньня, а таксама Кіеў, якія зьяўляўся сымбалічнай сталіцай гэтай «Рускай зямлі».
І вось якраз на рубяжы XV — XVI стагодзьдзяў пачынаецца ідэалягічная барацьба паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім за гэтыя землі. Барацьба ня толькі палітычная, ня толькі дыпляматычная, ня толькі шляхам зброі, але і ідэалягічная.
Прычым, з пункту гледжаньня дасьведчанасьці, актыўнасьці, разнастайнасьці маскоўская ідэалёгія троху пераўзыходзіла ідэалёгію Вялікага Княства Літоўскага. Калі я не памыляюся, Вялікае Княства Літоўскае ў асобе сваіх уласных ідэолягаў, прапаноўвала толькі адзін аргумэнт, які даказваў правы літоўскіх князёў на рускія землі — тое, што продкі сучасных князёў літоўскіх вызвалілі будучыя беларускія і ўкраінскія землі ад татарскага ярма, ад татарскіх баскакаў.
А маскоўскія ідэолягі прапаноўвалі самыя розныя вэрсіі, якія маглі быць падставай для валоданьня маскоўскімі гаспадарамі рускімі землямі Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, родапачынальніка правячай дынастыі Вялікага Княства Літоўскага яны адносілі да прадстаўніка нізкага саслоўя. Была такая вэрсія, што гэты родапачынальнік служыў аднаму зь вялікіх князёў маскоўскіх, зьбіраў даніну па даручэньні гэтага вялікага князя маскоўскага, у прыватнасьці, называлі імя Юрыя Данілавіча. І нібыта той слуга ўзбагаціўся на той даніне і ўсталяваў сваю ўладу над гэтымі землямі.
Дарэчы, вельмі часта ў аматараў гісторыі Беларусі, гісторыі Вялікага Княства Літоўскага можна сустрэць спасылку на адзін літаратурны твор, згодна зь якім літоўскага дынастыя паходзіць ад полацкіх князёў. Маўляў, пасьля паходу Мсьціслава Вялікага на Полацак адтуль ў Бізантыю зьбег апошні полацкі князь Расьціслаў Рагвалодавіч а потым, праз пэўны час жыхары Вільні запрасілі да сябе на княжаньне двух ягоных сыноў — Давіла і Малкоўда. І вось ад гэтага Давіла пайшла дынастыя літоўскіх князёў.
Дык вось трэба сказаць, што гэта адна з вэрсій, адзін з тых аргумэнтаў, якія прапаноўвалі ў XVI стагодзьдзі маскоўскія ідэолягі.
Праблема аб тым, як фармаваўся, разьвіваўся і пашыраўся ў шырокія масы гэты погляд, яшчэ ня вывучаная, яна яшчэ чакае сваіх дасьледчыкаў, але можна з упэўненасьцю сказаць, што стрыжнем гэтага погляду, які лёг у аснову дзяржаўнай экспансіўнай ідэалёгіі Маскоўскай дзяржавы, былі тыя ідэалягемы, якія ў канцы XV стагодзьдзя да Аляксандра Ягелончыка данёс Іван ІІІ Васілевіч.
— Калі я рыхтаваўся да нашй гутаркі, то паглядзеў, што лацінамоўны аўтар Вялікага Княства Літоўскага Міхалон Літвін у сваім трактаце «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў» у 40-я гады XVI стагодзьдзя пісаў, што ў Маскве ўсе людзі, ад сьмерда да князя, мараць пра Кіеў — гэты горад быў тады марай для маскоўцаў. І вось мы цяпер, у ХХІ стагодзьдзі, назіраем рэцыдыў тых мараў.
— Калі не памыляюся, Міхалон Літвін сказаў, што Кіеў для маскоўскага гаспадара «мілы яго сэрцу, і яго людзі таксама жадаюць валодаць Кіевам як былой сталіцай рускіх цароў».
І гэта сапраўды сымбалічная сталіца рускіх зямель. Кіеў вельмі шанаваўся і сярод падданых вялікага князя літоўскага. Многія знатныя людзі, прадстаўнікі вядомых родаў, завяшчалі пахаваць сябе ў Кіеве. Але на гэты горад зь іншага боку ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага таксама глядзеў і маскоўскі гаспадар і, што трапна заўважыў Міхалон Літвін, і «яго людзі».
— Як беларусам, у тым ліку, беларускім гісторыкам сёньня процістаяць расейскай гістарычнай прапагандзе? І ў Беларусі, і ў эміграцыі.
— Для процідзеяньня расейскай прапагандзе я бачу толькі два спосабы. Першы спосаб — стварэньне антыпрапаганды. Гэта значыць, той самай прапаганды, але з адваротным пасылам. Прапаганда мае як плюсы, так і мінусы. Галоўны плюс прапаганды заключаецца ў тым, што яна ўзьдзейнічае на эмацыйную сфэру чалавека. Гэта значыць, зьяўляецца вельмі важным фактарам заахвочваньня да калектыўных дзеяньняў.
Але ўсё ж у прапаганды больш мінусаў, чым плюсоў. Першы і галоўны мінус у тым, што прапаганда карыстаецца спрошчанымі, схематычнымі тэзісамі і вобразамі, якія вельмі і вельмі лёгка абвяргаюцца. Каб прывесьці прыклад, я зьвярнуся да нашых улюбёных літвіністаў, якіх мы абмяркоўвалі ў мінулых перадачах.
Напрыклад літвіністы сьцьвярджаюць, што Русь гістарычна ня мае ніякага дачыненьня да гісторыі Беларусі. Зь іх пункту гледжаньня назва «Літва» вельмі рана набыла характар «палітоніма» і вельмі рана, як палітонім, замацавалася за беларускімі землямі. Супярэчнасьць такой канструкцыі заключаецца ў тым, што калі тая ці іншая назва набывае характар палітоніма, то гэты палітонім пашыраецца на ўсю дзяржаву, на ўсе яе часткі. Значыць, гэта Полацак і Смаленск, Кіеў і Валынь, Падляшша і нарэшце любімая літвіністамі Жамойць. І ў такім выпадку ўзьнікае пытаньне, а ў чым унікальнасьці імені «Літва» для Беларусі?
Возьмем, напрыклад, яшчэ адну спрошчаную канструкцыю. Гэта тое, што паводле літвіністаў, у Вялікім Княстве Літоўскім панавала наша мова і наша культура. Зьвернемся да крыніц. Як называлася гэтая мова? Яна называлася рускаю. Як называлася гэтая культура? Яна называлася «русчызнаю». Успомнім вядомы верш Яна Казіміра Пашкевіча, які ён занатаваў на старонцы аднаго са сьпісаў Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1529 году пра тое, што Літва квітнее русчызнаю. Памятаеце мы казалі, што Вялікае Княства Літоўскае — гэта адзінства ў разнастайнасьці: ідэалёгіі, культуры, мовы і так далей. Дык вось Ян Кізімір Пашкевіч гэта ўсё выразіў у вобразнай форме.
І яшчэ адзін мінус прапаганды. Ён заключаецца ў тым, што прапаганда арыентуецца на людзей не зусім дасьведчаных і не зусім адукаваных, на людзей, якія пазбаўленыя крытычнага мысьленьня. Такімі вельмі лёгка можна маніпуляваць. Але супрацоўнічаць зь імі у рамках стваральных, творчых, навуковых, грамадзкіх, палітычных праектаў немагчыма. Таму, нягледзячы на тое, што прапаганда ўсё ж мае сілу, я б не рэкамэндаваў яе выкарыстоўваць. Хаця яна ўзьнікае і існуе насуперак нашаму жаданьню.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
ХХХ
Форум