Амбасада Беларусі ў Японіі з 10 лютага прыпыняе прыём грамадзян Беларусі і іншаземцаў па консульскіх пытаньнях, гаворыцца ў паведамленьні на сайце амбасады.
Прычын прыпыненьня працы ў амбасадзе не паведамілі.
Інфармацыю пра аднаўленьне працы консульскай службы амбасады Беларусі ў Японіі абяцаюць разьмясьціць дадаткова.
У паведамленьні на сайце амбасады ўдакладняецца, што грамадзяне могуць зьвярнуцца па консульскую дапамогу ў любую бліжэйшую замежную ўстанову Беларусі. Пры звароце ў консульствы іншых краін просяць «спасылацца на дадзенае апавяшчэньне».
На пачатку чэрвеня 2024 году таксама «часова прыпыніла працу» консульская служба амбасады Беларусі ў Эстоніі. У дыпмісіі гэта патлумачылі «тэхнічнымі прычынамі» і паабяцалі дадаткова паведаміць аб аднаўленьні працы, але і па сёньняшні дзень адпаведнага паведамленьня на сайце амбасады няма.
- Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер за кратамі ў Беларусі з палітычных матываў утрымліваюць двух грамадзян Японіі. Абодвух затрымалі за здымку чыгункі і абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасьці», але інфармацыі пра акалічнасьці іх перасьледу бракуе. Пра афіцыйнае абвінавачаньне выкладчыку Наканісі Масатосі, закрыты суд над якім пачаўся 10 студзеня, паведамляла толькі дзяржаўнае тэлебачаньне. Японцу пагражае да сямі гадоў калёніі.
- Амбасада Японіі ў Беларусі зьвярталася да ўладаў краіны з запытам дазволіць яе дыпляматам назіраць за судовым паседжаньнем над грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі, але запыт быў адхілены.
- Пасьля затрыманьня Наканісі Масатосі ў ліпені 2024 году Японія заявіла Беларусі пратэст у сувязі з арыштам і абвінавачаньнямі на адрас свайго грамадзяніна Наканісі Масатосі. Галоўны сакратар кабінэту міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі назваў сюжэт беларускіх прапагандыстаў пра Масатосі «вартым жалю» і заявіў, што японскі ўрад будзе аказваць «усю магчымую падтрымку, каб абараняць нашых суайчыньнікаў».
- У сьнежні 2024 году стала вядома пра затрыманьне другога японца, што пацьвердзіла амбасада Японіі. Яго прозьвішча невядомае.
Форум