Францускі журналіст, які прадстаўляў агенцтва Франс прэс, падчас прэсавай канфэрэнцыі 26 студзеня спытаў Лукашэнку, што рабіць беларусам, якія баяцца ягонай улады, але любяць Беларусь і хочуць вярнуцца дадому. Лукашэнка параіў ім зьвяртацца ў «камісію па вяртаньні» і назваў «хлусьнёй», што ў Беларусі ў 2020 годзе пратэставалі сотні тысяч чалавек.
«У нас ёсьць камісія, якую ўзначальвае генпракурор. Няхай зьвяртаюцца да іх. Яны мне даложаць, і будзем прымаць па іх рашэньне», — сказаў Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка назваў «хлусьнёй», што ў Беларусі ў 2020 годзе пратэставалі сотні тысяч чалавек, і назваў лічбу ў 47 тысяч «на піку».
Журналіст абверг яго і спаслаўся на зьвесткі ААН. Агулам жа за ўвесь час пратэстаў 2020–2021 гадоў у іх узялі ўдзел, паводле падлікаў журналістаў, да мільёна чалавек.
Таксама Лукашэнка сказаў, што ў акцыі за мяжой у Варшаве бярэ ўдзел «дзясятак чалавек». Францускі журналіст таксама абверг ягоныя словы, спаслаўшыся на зьвесткі сваіх калегаў зь месца падзей.
- Камісія па вяртаньні пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа была створаная ў 2023 годзе. За 2023 год у яе, паводле Шведа, зьвярнуліся 150 чалавек. У кастрычніку 2024 году Лукашэнка падпісаў указ пра тое, што камісія будзе працаваць на сталай аснове.
- Зь Беларусі пасьля пратэстаў і рэпрэсіяў зьехалі, паводле розных ацэнак, ад некалькіх сотняў тысяч да 600 тысяч чалавек.
Форум