Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Сырыі заявілі пра арышт двух кіраўнікоў групоўкі «Ісламскі джыгад»


Баевікі «Брыгадаў Аль-Кудс», архіўны здымак
Баевікі «Брыгадаў Аль-Кудс», архіўны здымак

Двое высокапастаўленых сяброў палестынскай радыкальнай групоўкі «Ісламскі джыгад», якая ўдзельнічала ў нападзе на Ізраіль у кастрычніку 2023 году.

У ЗША і Эўразьвязе «Ісламскі джыгад» прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй.

Як паведамляе Reuters, у заяве ўзброенага крыла «Ісламскага джыгаду» «Брыгады Аль-Кудс» гаворыцца, што камандзёры фармаваньняў групоўкі ў Сырыі Халед Халед і Ясір аз-Зафары, які ўзначальвае яе аргкамітэт, узятыя пад варту. Абодвух арыштавалі пяць дзён таму, афіцыйных падставаў затрыманьня не называюць.

У заяве баевікі адзначаюць, што «не чакалі такога ад братоў». «Ісламскі джыгад» запатрабаваў неадкладнага вызваленьня Халеда і аз-Зафары.

Супрацоўнік МУС Сырыі пацьвердзіў факт затрыманьня, але адмовіўся ад камэнтароў. Крыніца ў палестынскай дыяспары ў Дамаску таксама пацьвердзіла арышты.

«Ісламскі джыгад», які атрымлівае фінансаваньне і ваенную падтрымку ад Ірану, доўгі час дзейнічаў з базаў у Сырыі і Лібане. Аднак у 2024 годзе прэзыдэнт Сырыі Башар Асад быў зрынуты ў выніку наступу сілаў апазыцыі, і ўлада ў Дамаску перайшла да новага ісламісцкага ўраду.

Новае кіраўніцтва Сырыі займае антыіранскую пазыцыю, яно ўжо разарвала дыпляматычныя адносіны з Тэгеранам і імкнецца аднавіць адносіны з арабскім сьветам і Захадам. Адной з умоваў паслабленьня санкцыйнага ціску на Сырыю, якую вылучаюць ЗША, зьяўляецца дыстанцыяваньне ад іранскіх проксі-групаў, у тым ліку палестынскіх узброеных груповак.

Тым часам Ізраіль працягвае біць па пазыцыях «Ісламскага джыгаду» на тэрыторыі Сырыі. У сакавіку Ізраіль паведаміў аб нападзе на будынак каля Дамаску, які, паводле слоў ізраільскага ўраду, выкарыстоўваўся ў якасьці каманднага цэнтру групоўкі. Прадстаўнікі «Ісламскага джыгаду» назвалі гэтыя словы непраўдзівымі.

Затрыманьне двух чальцоў «Ісламскага джыгаду» можа сьведчыць аб пачатку новай палітыкі сырыйскіх уладаў у дачыненьні ўзброеных палестынскіх груповак, якія раней лічылі Сырыю адным са сваіх апорных пунктаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG