Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН фіксуе «трывожны рост» забойстваў палонных украінскіх вайскоўцаў


Харкаў пасьля расейскага абстрэлу, ілюстрацыйнае фота
Харкаў пасьля расейскага абстрэлу, ілюстрацыйнае фота

Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека паведамляе пра «трывожны рост» у апошнія месяцы выпадкаў забойстваў украінскіх салдат, якія трапілі ў расейскі палон.

Гаворыцца, што з канца жніўня 2024 году паступіла інфармацыя пра 79 такіх забойстваў у 24 асобных інцыдэнтах. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

«Шмат якія ўкраінскія вайскоўцы, якія здаліся ў палон або знаходзіліся пад вартай расейскіх узброеных сіл, былі расстраляныя на месцы. У паказаньнях сьведак таксама апісваюцца забойствы бяззбройных і параненых украінскіх салдат», — гаворыцца ў заяве Маніторынгавай місіі ААН.

У Міністэрстве абароны Расеі на запыт агенцтва пракамэнтаваць гэтую інфармацыю пакуль не адказалі. Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што неабходны «новыя і эфэктыўныя» інструмэнты для прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у ваенных злачынствах.

Місія ААН таксама задакумэнтавала адзін выпадак забойства параненага расейскага вайскоўца ўкраінскімі салдатамі ў 2024 годзе. Падрабязнасьці гэтага інцыдэнту не паведамляюцца.

Раней Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведамляў, што расьсьледуе 49 крымінальных спраў па фактах забойства расейцамі 124 украінскіх палонных. Павелічэньне колькасьці такіх выпадкаў украінскія праваахоўныя органы зафіксавалі ў канцы 2023 году, а ў 2024 годзе гэта дасягнула «беспрэцэдэнтных маштабаў». Найбольш забойстваў, як заявілі ва ўкраінскай пракуратуры, зафіксавана ў Данецкай вобласьці — там былі забітыя 62 вайскоўцы.

У кастрычніку мінулага году Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека апублікавала чарговую справаздачу, у якой гаворыцца, што зьдзекі з украінскіх вайскоўцаў у палоне носяць сыстэмны характар.

Абодва бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў забойствах, жорсткім і негуманным абыходжаньні з палоннымі.

Забойствы палонных або тых, хто здаецца ў палон, зьяўляюцца парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі аб абароне ахвяраў вайны. Любыя акты гвалту над жыцьцём і фізычнай недатыкальнасьцю ваеннапалонных клясыфікуюцца як ваенныя злачынствы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG