Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі аб другой за апошнія тры дні ўкраінскай атацы на прадпрыемствы паліўнай галіны


Астрахань. Ілюстрацыйнае фота
Астрахань. Ілюстрацыйнае фота

Апошнія некалькі дзён Расея і Ўкраіна правялі некалькі ўзаемных атак баявымі дронамі.

Губэрнатар Валгаградзкай вобласьці Андрэй Бачароў паведаміў, што ў выніку зьбіцьця ўкраінскіх дронаў на Валгаградзкім нафтаперапрацоўчым заводзе зноў быў пажар.

«У выніку падзеньня аскепкаў узьніклі лякальныя ўзгараньні на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага заводу, якія апэратыўна лякалізавалі. Таксама назіраліся кароткачасовыя перапады напружаньня ў электрасетцы. Электразабесьпячэньне Валгаграда і прылеглых муніцыпальных утварэньняў ажыцьцяўляецца ў поўным аб’ёме», — паведамілі ў Telegram-канале Адміністрацыі Валгаградзкай вобласьці з спасылкай на губэрнатара.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 3 лютага «перахапілі і зьнішчылі» 70 украінскіх бесьпілётных лятальных апаратаў, у тым ліку 27 — над Растоўскай, 25 — над Валгаградзкай, сем — над Астраханскай, 5 — Варонескай, 4 — над Белгарадзкай і 2 — над Курскай абласьцямі.

Губэрнатар Астраханскай вобласьці Ігар Бабушкін паведаміў аб спробе атакі на аб’екты, у тым ліку паліўна-энэргетычнага комплексу.

«Сродкі радыёэлектроннай барацьбы і СПА адпрацавалі ў штатным рэжыме. Пры падзеньні аднаго з БПЛА адбылося ўзгараньне. Пацярпелых няма», — напісаў Ігар Бабушкін у сваім Telegram-канале.

Украінскія Telegram-каналы паведамілі, што ў Астраханскай вобласьці пацярпела газаперапрацоўчае прадпрыемства, папярэдне мова ідзе аб пашкоджаньні трох установак. Улады Ўкраіны пакуль не камэнтуюць гэтых удараў.

Улады іншых расейскіх рэгіёнаў, над якімі зьбівалі дроны, паведамілі аб адсутнасьці разбурэньняў і пацярпелых.

31 студзеня расейскія ўлады заявілі аб пацэльваньні ўкраінскіх дронаў у Валгаградзкі НПЗ.

Раніцай 3 лютага Міністэрства абароны Расеі заявіла аб зьбіцьці ўкраінскага дрона над акваторыяй Касьпійскага мора. Ад найбліжэйшага ўкраінскага гораду да Касьпійскага мора — больш за 1300 кілямэтраў. Раней расейскі бок не паведамляў аб украінскіх дронах, якія даляталі да гэтага мора.

У сувязі з гэтым, як паведамілі ў Росавіяцыі, уводзілі абмежаваньні ў аэрапортах Грознага, Уладзікаўказу, Махачкалы, Астрахані, Валгаграда, Казані, Ніжнякамінска, Саратава і Ўльянаўска.

Ва Ўкраіне зьбілі 38 расейскіх дронаў, яшчэ 25 абясшкодзілі

Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сіл Украіны, Расея атакавала ўкраінскія гарады 71 ударным дронам і бесьпілётнікамі-імітатарамі.

«Пацьверджана зьбіцьцё 38 ударных БПЛА тыпу Shahed і іншых бесьпілётнікаў у Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Запароскай, Днепрапятроўскай, Віньніцкай і Хмяльніцкай абласьцях», — паведамілі ў Паветраных сілах Украіны.

25 бесьпілётнікаў абясшкоджаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. У выніку расейскай атакі пацярпелі Сумшчына, Харкаўшчына і Чаркашчына. Ва ўсіх рэгіёнах пашкоджаньні зафіксавалі ў жылых сэктарах. У Харкаўскай вобласьці чатыры чалавекі атрымалі раненьні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG