Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі пратэстуюць тысячы людзей. Студэнты перакрылі ўсе масты праз Дунай


Плякат з выявай Аляксандра Вучыча.
Плякат з выявай Аляксандра Вучыча.

У Сэрбіі ў Новым Садзе праходзяць акцыі пратэсту — студэнты перакрылі ўсе тры масты праз Дунай у горадзе, паведамляе балканская служба Радыё Свабода.

Студэнты патрабуюць крымінальнай адказнасьці для тых, з-за каго 1 лістапада 2024 года ў горадзе абрынуўся казырок нядаўна адрамантаванага чыгуначнага вакзала. У выніку гэтай аварыі загінулі 15 чалавек. Студэнты сваімі пратэстамі ўжо дабіліся таго, што прэм’ер-міністар Сэрбіі Мілаш Вучэвіч пайшоў у адстаўку, але кажуць, што спыняцца не зьбіраюцца.

У суботу, 1 лютага, споўнілася тры месяцы з дня трагедыі ў Новым Садзе. Таму студэнты праводзяць адну з самых масавых акцыяў пратэсту за гэты час. Частка з актывістаў — мясцовыя жыхары, ёсьць і тыя, хто прыйшоў пешшу або прыехаў на роварах з Бялграда і Ніш. Да пратэстоўцаў далучыліся матацыклісты, а таксама вялікая калёна аўтамабіляў.

Раніцай 1 лютага тысячы чалавек сабраліся ля вакзала ў Новым Садзе, дзе цягам 15 хвілін стаялі з запаленымі ліхтарыкамі на тэлефонах. Пазьней яны заблякавалі тры масты праз раку Дунай, спыніўшы рух такім чынам у значнай частцы горада. Акцыя атрымала назву «Тры месяцы — тры масты».

Блякада аднаго з мастоў, як паведамлялася, павінна працягнуцца да нядзелі, 2 лютага.

У апошнія два месяцы студэнты таксама блякуюць больш за 60 дзяржаўных унівэрсытэтаў. Іх першачарговае патрабаваньне да ўлады — даць поўную дакумэнтацыю па праектах рэканструкцыі вакзала.

Улады заяўляюць, што ўсе іх патрабаваньні задаволеныя, і заклікаюць студэнтаў адкрыць факультэты.

Прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці гавораць, што патрабаваньні выкананы толькі часткова, і спыненьне работы на факультэтах будзе працягвацца да асаблівага распараджэньня. Яны настойваюць, што дакумэнтацыя па рэканструкцыі чыгуначнага вакзала, апублікаваная на сайце ўрада Сэрбіі і на сайце генэральнай пракуратуры ў Новым Садзе, няпоўная.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG