Вытрымкі з дакумэнту, які складаецца са 117-і параграфаў, прыводзіць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Ватыкан выказвае сур’ёзную занепакоенасьць адносна выкарыстаньня АІ ў ваеннай сфэры. Аўтаномная зброя, здольная дзейнічаць без чалавечага кантролю, разглядаецца як сур’ёзная пагроза для чалавецтва.
У эканамічнай сфэры адзначаецца, што АІ можа як павысіць прадукцыйнасьць працы і стварыць новыя працоўныя месцы, так і прывесьці да дэкваліфікацыі работнікаў, падпарадкаваць іх аўтаматызаванаму нагляду і абмежаваць іх функцыі жорсткімі і паўтаральнымі задачамі. Занепакоенасьць Ватыкану выклікае канцэнтрацыя ўлады над АІ у руках невялікай колькасьці буйных кампаній. «Гэта можа прывесьці да паглыбленьня сацыяльнай няроўнасьці і лічбавага разрыву». — гаворыцца ў дакумэнце.
У сфэры аховы здароўя дакумэнт папярэджвае пра рызыку стварэньня «мэдыцыны для багатых». Хоць АІ можа значна палепшыць дыягностыку і лячэньне, важна забясьпечыць роўны доступ да гэтых тэхналёгій для ўсіх слаёў насельніцтва.
Асаблівая ўвага ў дакумэнце надаецца пытаньням адукацыі. Падкрэсьліваецца, што выкарыстаньне АІ не павінна весьці да страты крытычнага мысьленьня ў вучняў і студэнтаў. «Сыстэмы АІ павінны дапамагаць у навучаньні, а не замяняць традыцыйныя мэтады адукацыі». — гаворыцца ў Antiqua et nova.
У сфэры экалёгіі дакумэнт адзначае дваістасьць уплыву АІ. З аднаго боку, тэхналёгіі дапамагаюць у прагназаваньні экстрэмальных кліматычных зьяў і ў кіраваньні ўстойлівай сельскай гаспадаркай. З другога боку, самі сыстэмы АІ спажываюць значную колькасьць энэргіі і вады, павялічваючы выкіды CO₂.
У заключнай частцы дакумэнта падкрэсьліваецца, што АІ павінен заставацца выключна інструмэнтам, які дапамагае чалавеку, а не замяняе яго. Існуе сур’ёзная небясьпека «ідалапаклонства перад штучным інтэлектам».
«Чалавек можа трапіць у пастку: спрабуючы стаць роўным Богу праз стварэньне разумных машын, ён у выніку сам становіцца рабом створанай ім жа тэхналёгіі». — канстатуе ватыканскі дакумэнт.
Форум