Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё паведаміў, што ў Беларусі вызвалена амэрыканская грамадзянка Анастасія Нуфэр.
«Дзякуючы прэзыдэнту Трампу Беларусь толькі што ў аднабаковым парадку вызваліла невінаватую амэрыканку Анастасію Нуфэр, якую ўзялі пад варту пры Джо Байдэну», — напісаў Марка Рубіё на сваёй старонцы на плятформе Х.
Раней імя гэтай амэрыканкі ніколі не гучала ў публічнай прасторы. Акалічнасьці яе затрыманьня невядомыя і беларускім праваабаронцам — яе прозьвішча няма ў «Сьпісе палітвязьняў і асуджаных па палітычных крымінальных справах» на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна». Няма яе імя і ў сьпісе затрыманых ва ўсіх краінах сьвету грамадзян ЗША за ўсю гісторыю.
Па інфармацыі «Вясны», вызваленай грамадзянцы ЗША Анастасіі Нюфэр 48 гадоў. Яшчэ ў сьнежні ў сваіх сацсетках яна размяшчала допісы.
Сьвятлана Ціханоўская прывітала вызваленьне ўладамі Беларусі амэрыканскай грамадзянкі.
«Мы вітаем гэтае вызваленьне і рады, што яна ўзьядналася са сваёй сям’ ёй. Дзякуй нашым амэрыканскім сябрам за яе абарону і ад імя ўсіх палітвязьняў у Беларусі. Кожны зь іх павінен быць вызвалены. Мы працягнем змагацца за вызваленьне ўсіх несправядліва затрыманых», — напісала Сьвятлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў Х.
Перад выбарамі на дзяржаўных каналах выйшла некалькі сэрый прапагандысцкіх фільмаў з удзелам зьняволеных журналістаў Свабоды Андрэя Кузьнечыка, Ігара Лосіка і Ігара Карнея, а таксама грамадзяніна ЗША, беларускага палітыка і амэрыканскага адваката Юрася Зянковіча.
Раней Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб перамовах з прадстаўнікамі заходніх краін, але тэму перамоваў ніколі не ўдакладняў.
Форум