Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома аб пашкоджаньні дронам помпавай станцыі на нафтаправодзе «Дружба» на мяжы зь Беларусьсю


Пажар на нафтавых рэзэрвуарах у Бранскай вобласьці ў студзені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Пажар на нафтавых рэзэрвуарах у Бранскай вобласьці ў студзені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Аб маштабах наступстваў гэтага ўдару Ўкраіны не паведамляюць.

У ноч на 23 студзеня ў Бранскай вобласьці Расеі ў выніку ўдару ўкраінскага дрона пашкоджаньні атрымала помпавая станцыя на нафтаправодзе «Дружба» на мяжы зь Беларусьсю.

Як паведаміла выданьне Forbs, полымя, якое ўзьнікла ў выніку ўдару, асьвятліла начное неба, пажар быў такі моцны, што яго зарэгістравалі спадарожнікі NASA.

Паводле выданьня, Украіна магла выкарыстаць новы ўдарны дрон, зроблены ў працэсе ўдасканаленьня цывільнага лёгкага самалёта, які можа несьці 220-фунтовыя бомбы (прыблізна па 90 кіляграмаў. — РС). Раней дроны проста ўразаліся ў свае цэлі, а ня скідвалі бомбы.

У прыватнасьці, журналісты сьцьвярджаюць, што ўкраінцы пачалі выкарыстоўваць для нападу на расейскую нафтавую інфраструктуру пераробленыя цывільныя спартовыя самалёты Aeroprakt A-22, якія могуць пераадолець з выбухоўкай на борце больш за 800 міль (амаль 1300 кілямэтраў. — РС).

Выданьне не выключае, што Ўкраіна ўжо мае такія БПЛА, якія пасьля выкананьня заданьня могуць вяртацца назад.

Гэта як мінімум другая атака на інфраструктуру аднаго з найбуйнейшых у сьвеце трубаправодаў «Дружба», які зьяўляецца адным з найважнейшых вузлоў у інфраструктуры самай прыбытковай галіны Расеі і праходзіць таксама па тэрыторыі Беларусі.

Летась з 19 сьнежня да 21 сьнежня адсутнічала перапампоўваньне нафты па трубаправодзе «Дружба». Гэта пацьвярджалі і ў беларускім канцэрне «Белнафтахім», але прычыны не ўдакладнялі. У Расеі тлумачылі гэта тэхнічнымі прычынамі.

Тады праз адсутнасьць зразумелага тлумачэньня прычын інцыдэнту мясцовыя жыхары выказвалі ў бранскіх інфармацыйных рэсурсах вэрсіі пра найбольш верагодную прычыну здарэньня — пацэльваньне бесьпілётніка.

Украінскія войскі ў пачатку 2025 году актывізавалі свае ўдары па нафтавай інфраструктуры Расеі, якія сталі рэгулярнымі з 2024 году. На некаторых прадпрыемствах выйшла са строю абсталяваньне першаснай перапрацоўкі нафты, яно патрабавала рамонту. Аднак ужо ў красавіку мінулага году Расея змагла часткова аднавіць магутнасьці ключавых нафтаперапрацоўчых заводаў.

Як падлічыла Расейская служба BBC, украінскія вайскоўцы ў 2024 годзе ня меней за 81 раз атакавалі бесьпілётнікамі нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы і паліўныя базы на тэрыторыі Расеі і ў акупаваных расейскай арміяй раёнах Украіны.

Згодна з інфармацыяй выданьня, прыблізна 20% усіх атак адбыліся ў Краснадарскім краі, 8 у Растоўскай вобласьці, 6 у Белгарадзкай і па 5 — у Арлоўскай і Валгаградзкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG