Зьмены прадугледжаныя папраўкамі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, якія набылі моц 1 студзеня 2025 году.
Раней грамадзянам Беларусі для заключэньня шлюбу за мяжой выдавалі даведку аб адсутнасьці запісу акту аб заключэньні шлюбу аддзелы ЗАГС па месцы жыхарства. Цяпер, згодна з артыкулам 19-1 Кодэксу аб шлюбе і сямʼі, такім дакумэнтам зьяўляецца заява грамадзяніна аб адсутнасьці перашкодаў да заключэньня шлюбу, сапраўднасьць подпісу якога засьведчыў натарыюс, паведамляе Міністэрства юстыцыі.
Грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія стала жывуць у Беларусі, для атрыманьня дакумэнту могуць зьвярнуцца да любога натарыюса ў Беларусі ці службовай асобы, якая мае права рабіць натарыяльныя дзеяньні.
Беларусы, якія стала пражываюць за межамі краіны, па засьведчаньне сапраўднасьці подпісу на такой заяве могуць зьвярнуцца ў замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь за мяжой, гаворыцца ў паведамленьні міністэрства.
У заяве аб адсутнасьці перашкодаў для ўзяцьця шлюбу павінна быць указана, што на момант яго падачы заяўнік у шлюбе не знаходзіцца і ніколі ня быў або што ён раней быў у шлюбе, які скасаваны (з указаньнем падставы і даты спыненьня), і цяпер у шлюбе не знаходзіцца. Для пацьверджаньня скасаваньня папярэдняга шлюбу ў кампэтэнтныя органы трэба падаць дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт спыненьня шлюбных адносінаў: пасьведчаньне аб скасаваньні шлюбу; рашэньне суду аб скасаваньні шлюбу, якое набыло законную моц; пасьведчаньне аб сьмерці мужа/жонкі.
Да гэтага, каб пажаніцца за мяжой, беларусам даводзілася браць даведку з ЗАГСу аб тым, што яны не знаходзяцца ў шлюбе (некаторыя краіны расьпісваюць і безь яе), прычым зь верасьня 2023 году атрымаць такую даведку можна было толькі асабіста або паводле даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі, у амбасадах і консульствах іх выдаваць перасталі пасьля ўказу Лукашэнкі.
У Міністэрстве юстыцыі Беларусі не ўдакладнілі, якая правапрымяняльная практыка ў дачыненьні да новага дакумэнту з боку кампэтэнтных органаў замежных дзяржаў, прымаюць яны такія заявы ці не.
Форум