«Глыбокую заклапочанасьць у сувязі зь перавыбраньнем прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і магчымым уплывам гэтай падзеі на і без таго цяжкае становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» выказала група незалежных экспэртаў ААН па Беларусі 29 студзеня ў распаўсюджанай Арганізацыяй заяве.
Выказваецца шкадаваньне, што, «не запрасіўшы міжнародных незалежных назіральнікаў, улады Беларусі не змаглі правесьці сапраўды дэмакратычныя выбары».
«Тое самае адбылося і падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. З таго часу рэальныя і меркаваныя прадстаўнікі апазыцыі падвяргаліся адвольным арыштам і затрыманьням, катаваньням і пазбаўляліся права на справядлівы судовы разбор. Некаторыя з гэтых парушэньняў могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасьці», — адзначаецца ў заяве.
Экспэрты лічаць, што «зафіксаваныя на сёньня выпадкі парушэньня правоў чалавека відавочна зьяўляюцца часткай урадавай стратэгіі, накіраванай на задушэньне іншадумства, уключаючы любыя формы свабоды выказваньня думак і аб’яднаньняў».
На іх думку, «шырокамаштабныя рэпрэсіі прадэманстравалі сваю эфэктыўнасьць»: «Ва ўмовах, калі сотні тысяч беларусаў за апошнія гады адправіліся ў выгнаньне за мяжу, а больш за 1200 палітычных зьняволеных застаюцца ў месцах пазбаўленьня волі, кандыдатаў, здольных скласьці сапраўдную апазыцыю цяперашняму кіраўніку, не засталося».
«Паколькі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка застаецца ва ўладзе яшчэ на пяць гадоў, у групы ёсьць цалкам абгрунтаваныя асьцярогі, што рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека працягнуцца», — гаворыцца ў дакумэнце. Адзначаецца, што аўтары прадставяць свой першы даклад Радзе правоў чалавека ў сакавіку гэтага году, «засяродзіўшы ўвагу на парушэньнях, учыненых у 2023 і 2024 гадах, у тым ліку на працягу месяцаў, якія папярэднічалі прэзыдэнцкім выбарам».
Рашэньне аб стварэньні групы незалежных экспэртаў аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, было прынята 4 красавіка на пасяджэньні 55-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве. Яна ўпаўнаважаная праводзіць расьсьледаваньні і вызначаць факты, абставіны і карэнныя прычыны ўсіх меркаваных парушэньняў і ўшчамленьняў правоў чалавека і парушэньняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году.
Кіраўніком групы зьяўляецца юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея). У яе таксама ўваходзяць дырэктарка Міжнароднага праекту ў правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада) і загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту Маніка Платэк (Польшча).
- 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў. Канчатковыя вынікі выбараў-2025 падвядуць 3 лютага.
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявіў шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
- Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
Форум