«Умовы ўтрыманьня жанчын-вязьняў у Беларусі жахлівыя, — заявілі яны. — Мы заклікаем улады неадкладна распачаць эфэктыўныя і празрыстыя расьсьледаваньні ўсіх паведамленьняў аб выпадках жорсткага абыходжаньня і забясьпечыць абарону сьведкаў ад рэпрэсій».
Адзначаецца, што, «згодна з атрыманымі заявамі, супрацоўнікі месцаў пазбаўленьня волі, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і пракуратуры могуць мець дачыненьне да ўтойваньня злоўжываньняў».
У заяве гаворыцца, што «экспэрты атрымалі паведамленьні аб перапоўненасьці месцаў папярэдняга зьняволеньня, антысанітарыі, цяжкасьцях з атрыманьнем мэдыцынскай дапамогі, адсутнасьці чыстага або цёплага адзеньня, вобысках з распрананьнем, якія праводзяцца мужчынскім і жаночым турэмным пэрсаналам, а таксама аб адсутнасьці магчымасьці адасобіцца пры наведваньні туалета».
Паведамляецца, што «жанчыны-вязьні падвяргаюцца адвольным пакараньням, уключаючы адзіночнае зьняволеньне і зьняволеньне без сувязі са зьнешнім сьветам і без магчымасьці мець зносіны з дзецьмі», паступаюць паведамленьні аб «шырокім распаўсюджваньні гвалту паміж зьняволенымі ў адным з месцаў пазбаўленьня волі, папраўчай калёніі № 4 [ у Гомлі], дзе гвалт дапускаецца і заахвочваецца адміністрацыяй калёніі».
«Некаторыя злоўжываньні зьвязаны з недахопамі беларускага заканадаўства, тады як іншыя парушаюць як міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, так і нацыянальнае заканадаўства», — заявілі аўтары.
У якасьці прыкладу яны прывялі «клетку ганьбы» у двары названай ПК, дзе жанчын прымушаюць гадзінамі стаяць у любое надвор’е, каб «публічна прысароміць іх за дысцыплінарныя правіннасьці»: «Гэты від пакараньня зьяўляецца бесчалавечным і зьневажальным па сваёй сутнасьці».
«Шырока распаўсюджаны гендэрны гвалт і іншыя віды жорсткага абыходжаньня з жанчынамі-вязьнямі ў Беларусі — даўняя праблема», — заявілі экспэрты.
Яны спаслаліся на даклад Спэцыяльнага дакладчыка па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, прадстаўлены Генэральнай Асамблеі ў 2024 годзе, дзе ўказваецца, што краіна ўжо больш за дзесяць гадоў пасьлядоўна не выконвае рэкамэндацыі праваабарончых органаў і мандатаў ААН па рашэньні праблемы жорсткага абыходжаньня з жанчынамі.
- Заяву падпісалі спэцыяльны дакладчык СПЧ ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс (Латвія), спэцыяльны дакладчык па пытаньні аб катаваньнях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасьць відах абыходжаньня і пакараньня Эліс Джыл Эдвардс (Аўстралія), старшыня працоўнай групы ў пытаньні дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і дзяўчынак Лора Нірыкіндзі (Уганда), яе намесьніца Клаўдыя Флорэс (ЗША) і члены групы Дораці Эстрада-Танк (Мэксыка), Івана Крсціч (Сэрбія) і Хайна Лу (Кітай).
Форум