Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.
У сямі частках візуалізаванага падкаста мы правядзем вас праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
«Безумоўна, вы дакладную назву знайшлі. Так сёньня і ёсьць, але тут не такі размах… Але захаваўся дух, захаваліся спосабы катаў, захавалася іхная псыхалёгія, іх разуменьне. І гэта ўсё Сталін, сталінскі час».Сьвятлана Алексіевіч
Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці.
У падкасьце вы пачуеце парады, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.
Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.
Частка 1. Затрыманьне і гвалт у кабінэтах ГУБАЗіКу і КДБ. Катавальня Акрэсьціна
У сучаснай Беларусі за краты можа трапіць кожны і кожная ў любы момант. Падстава — стары фатаздымак зь бел-чырвона-белым сьцягам, неасьцярожны камэнтар, 20 даляраў данату тры гады таму на дапамогу пацярпеламу, подпіс за не-Лукашэнку падчас выбарчай кампаніі, беларуская мова, выпадковае знаходжаньне ня ў той час і ня ў тым месцы, данос, прыналежнасьць да нейкай сацыяльнай групы.
Сілавікі могуць прыйсьці дадому, могуць забраць з працы. Каб паралізаваць волю затрыманага, ад самага пачатку над ім чыняць гвалт. Затрыманага прымушаюць запісваць на відэакамэру так званае прызнаньне.
У гэтай частцы мы правядзём вас празь першы і другі кругі пекла: затрыманьне, гвалт у кабінэтах ГУБАЗіКу і КДБ, катавальня на Акрэсьціна.
Частка 2. Сьледчыя ізалятары «Валадарка» і «Амэрыканка»
Гэтая частка прысьвечаная найбольш вядомым сьледчым ізалятарам у Менску, так званым «Валадарцы» і «Амэрыканцы».
«Валадарка», Пішчалаўскі замак ці Менскі турэмны замак, сьледчы ізалятар № 1 Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму. За кратамі «Валадаркі» пабывалі Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, практычна ўсе беларускія палітвязьні. Тут стралялі ў патыліцу энкавэдысты ў 1937 годзе. Ад 1953 году «Валадарка» — адзіная ўстанова ў Беларусі, дзе выконваюць сьмяротнае пакараньне. Усяго з 1991 году ў СІЗА № 1 расстралялі больш за 400 чалавек.
Сьледчы ізалятар КДБ у Менску, так званая «Амэрыканка», разьмешчаны ва ўнутраным двары будынку КДБ Беларусі. Гэта круглы двухпавярховы будынак дзейнічае з 1920-х гадоў. Праз «Амэрыканку» прайшлі многія беларускія палітвязьні, у тым ліку былыя кандыдаты на прэзыдэнта. У «Амэрыканцы» трымаюць людзей, чые справы вядуць сьледчыя КДБ і чыя дзейнасьць, паводле афіцыйнай фармулёўкі, «пагражае нацыянальнай бясьпецы Беларусі».
Мы правядзём вас праз трэці круг пекла.
Частка 3. Як катуюць хатнім арыштам. Пекла «хімій»
Гэтая частка прысьвечаная такім формам зьняволеньня, як хатні арышт і так званая «хімія» — «хатняя» і з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Хатні арышт увялі ў Беларусі ў 2001 годзе. Ад 2003 году два дні хатняга арышту адпавядаюць аднаму дню арышту. Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч называе хатні арышт выдасканаленым спосабам катаваньняў. Паводле былога палітвязьня Ільлі Салея, самае складанае ў хатнім арышце — гэта абсалютна поўная ізаляцыя. Каля 7 месяцаў пад хатнім арыштам правяла выкладчыца, культуроляг Юлія Чарняўская. Яна ня мела права кантактаваць ні з кім, акрамя адваката; ёй было забаронена пісаць лісты, карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць з дому, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.
Абмежаваньне свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ў народзе называюць «хіміяй». Гэты тэрмін зьявіўся за савецкім часам, калі асуджаных адпраўлялі на будоўлі розных прадпрыемстваў, у тым ліку зьвязаных з хімічнай прамысловасьцю. Асуджаныя на «хімію» жывуць у памяшканьнях, падобных да інтэрнатаў, плацяць за пражываньне. Яны абавязаныя працаваць. Часта асуджаных накіроўваюць на нізкакваліфікаваную працу, напрыклад у калгасы. У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу. Праваабаронцы кажуць, што на «хіміі» вельмі дрэнныя побытавыя ўмовы, а для палітвязьняў ёсьць вялікая рызыка пераводу ў калёнію.
Асуджаны на «хатнюю хімію» жыве дома, працягвае працаваць на сваім асноўным месцы, але з заробку ў яго могуць забіраць да 25% кожны месяц. Ён павінен стаць на ўлік у спэцыяльнай інспэкцыі, з праверкай да яго могуць прыйсьці ў любы час дадому ці на працу. Асуджанаму на «хатнюю хімію» забаронена выходзіць з дому ў выходныя і сьвяты. Нельга хадзіць у госьці, наведваць любыя забаўляльныя мерапрыемствы.
Мы правядзём вас праз чацьвёрты і пяты кругі пекла.
Частка 4. Этапы і папраўчыя калёніі, прымусовая праца за кратамі
Гэтая частка — пра тое, як катуюць падчас этапаў, а таксама пра найбольш вядомыя калёніі Беларусі: гомельскую жаночую, наваполацкую і шклоўскую.
У Беларусі 17 папраўчых калёній, яны падзеленыя на некалькі відаў: строгага, агульнага, узмоцненага і асаблівага рэжыму. Апошні — найгоршы.
«Адразу магу адказаць, што гомельская калёнія — найгоршае месца. Гэта рэальная страшэнная катоўня, установа сталінскага тыпу. Знаходзіцца там, выжываць, трымацца вельмі цяжка. Самыя страшныя, драматычныя, пякельныя ўспаміны зьвязаныя менавіта з гомельскай калёніяй». (Вольга Класкоўская, былая палітзьняволеная)
«Гэтая калёнія падпарадкоўваецца апошнім трэндам па расчалавечваньні. Задача — катаваць. У шклоўскай калёніі я мог заўважыць, як паступова закручваюцца гайкі». (Віктар Пархімчык, былы палітвязень).
Візуалізаваў гэтую частку падкасту былы палітвязень Віктар Пархімчык.
Мы правядзём вас праз шосты круг пекла.
Частка 5. Жодзінская, магілёўская і горадзенская турмы
Сучасная пэнітэнцыярная сыстэма функцыянуе такім чынам, што многім палітвязьням пасьля некалькіх ШЫЗА мяняюць рэжым на больш жорсткі і пасьля новага суду з папраўчых калёніяў пераводзяць на турэмны рэжым. Практычна ўсе палітвязьні, якім прысудзілі турму, усё яшчэ за кратамі. Гэтая частка падкасту прысьвечаная тром турмам Беларусі — у Горадні, Магілёве і Жодзіне, дзе ў надзвычай жорсткіх умовах трымаюць палітычных зьняволеных.
Гэта сёмы круг пекла.
Частка 6. ШЫЗА і ПКТ. Як даводзяць да сьмерці палітвязьняў
Кожны палітвязень за кратамі трапляе ў штрафны ізалятар. Працяглыя тэрміны ізаляцыі палітвязьняў у ШЫЗА праваабаронцы трактуюць як жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне, шмат у якіх выпадках як проста катаваньне. Былыя палітвязьні сьведчаць пра наладжаную ў калёніях сыстэму, калі палітвязьняў з надуманых прычын адпраўляюць у ШЫЗА, а пасьля пераводзяць на больш жорсткі рэжым. Катаваньні за кратамі маюць розныя формы. Гэта ня толькі неаказаньне мэдычнай дапамогі, нялюдзкія ўмовы зьняволеньня, поўная ізаляцыя, — палітвязьняў нават б’юць супрацоўнікі калёній, а магчыма, і крымінальнікі на загад адміністрацыі.
Колькі дакладна палітвязьняў загінулі за кратамі або заўчасна памерлі ў выніку зьняволеньня, невядома. Праваабаронцы называюць 11 загінулых пасьля 2020 году ў месцах пазбаўленьня волі: Аляксандар Віхор, Вітольд Ашурак, Зьміцер Дудойць, Алена Амеліна, Сяргей Шчацінка, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Зьміцер Сарокін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч. Паводле прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту былой палітзьняволенай Вольгі Гарбуновай, прынамсі 200 палітвязьням тэрмінова патрэбная мэдычная дапамога.
Гэта восьмы круг пекла.
Частка 7. Жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. Зьяжджаць ці заставацца?
Калі пасьля шматлікіх выпрабаваньняў палітвязьні выходзяць на свабоду, яны не становяцца свабоднымі людзьмі. На працягу двух гадоў былыя палітвязьні павінны прасіць дазволу, каб выехаць з гораду больш як на тры дні, яны падпісваюць новыя і новыя дакумэнты аб наглядзе, аб прафіляктычным уліку. Паводле падлікаў праваабаронцаў, у лістападзе 2023 году налічвалася каля 1400 былых палітзьняволеных. Вялікая частка былых палітвязьняў пакідае Беларусь.
Гэта дзявяты круг пекла.
Форум