Сярод мэдыя, якія апынуліся ва ўразьлівым становішчы, называюцца і беларускія, якія працуюць на выгнаньні.
Амэрыканскія праграмы падтрымкі, як адзначылі ў EFJ, накіраваныя на «ўмацаваньне журналісцкага прафэсіяналізму, разьвіцьцё навыкаў кіраваньня СМІ і прасоўваньне свабодных і незалежных мэдыя».
«Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў заклікае ўсіх патэнцыйных эўрапейскіх донараў прыняць меры для кампэнсацыі сыходу ЗША, у прыватнасьці, для забесьпячэньня выжываньня... СМІ», — гаворыцца ў заяве.
Прэзыдэнтка EFJ Мая Сэвэр падкрэсьліла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сваім намерам «перабудаваць амэрыканскі апарат зьнешняй дапамогі ў адпаведнасьці з праграмай „Амэрыка найперш“ выклікаў хаос у экасыстэме СМІ больш як трыццаці краін сьвету, уключаючы многія эўрапейскія краіны».
«Мы заклікаем эўрапейскія інстытуты і фонды мабілізаваць і скаардынаваць свае дзеяньні для абароны плюралізму СМІ і падтрымкі незалежнай журналістыкі як найлепшага проціядзьдзя супраць дэзынфармацыі. Эўрапейскі Зьвяз і іншыя донары ня могуць кінуць на волю лёсу журналістаў, якія зьяўляюцца найлепшай апорай для абароны вяршэнства закону і дэмакратыі ў краінах, дзе яны пад пагрозай», — сказала Сэвэр.
21 студзеня 2025 году Трамп падпісаў указ аб прыпыненьні Вашынгтонам усёй замежнай дапамогі на 90 дзён.
- Апошнім часам многія беларускія СМІ на выгнаньні сутыкнуліся зь фінансавымі праблемамі.
- 29 студзеня стала вядома, што мэдыяпраект «Обычное утро» можа спыніць існаваньне.
- 29 лістапада 2024 году паведамлялася, што праект «Маланка мэдыя» просіць фінансавай дапамогі для аднаўленьня працы свайго сайта. Збор сродкаў абвешчаны на плятформе фонду салідарнасьці BySol. Сума збору — 20 тыс. эўра на пяць месяцаў.
- 28 лістапада аб падтрымцы папрасіла рэдакцыя мэдыя «Новы час».
- З пачатку 2024 году зь фінансавымі праблемамі сутыкнуліся многія незалежныя СМІ, у тым ліку KYKY, Reform, «Белсат», Plan B, беларуская рэдакцыя польскага «Радыё Ўнэт», якая ў выніку спыніла працу, EX-PRESS.
Форум