Як вынікае з адпаведнай заявы эўрапейскіх лідэраў, плян уключае шэсьць пунктаў:
- пастаянную вайсковую падтрымку Ўкраіны і захаваньне колькасьці Ўзброеных сіл Украіны да 800 тысяч чалавек у мірны час;
- фарміраваньне шматнацыянальных сіл пад кіраўніцтвам Эўропы ў рамках Кааліцыі ахвочых пры падтрымцы ЗША з магчымымі дзеяньнямі на тэрыторыі Ўкраіны;
- мэханізм кантролю за спыненьнем агню, які пад кіраўніцтвам ЗША з удзелам міжнародных прадстаўнікоў дазволіць займацца маніторынгам сытуацыі для раньняга папярэджаньня атак, фіксацыі парушэньняў і рэагаваньня на іх;
- інвэстыцыі ў аднаўленьне Ўкраіны, фінансаваньне рэканструкцыі, а таксама гандлёвыя пагадненьні і кампэнсацыя шкоды з боку Расеі. Расейскія актывы ў Эўразьвязе застаюцца замарожанымі;
- абавязак рэагаваць вайсковымі, выведнымі, эканамічнымі і дыпляматычнымі сродкамі ў выпадку абвастрэньня і нападу на Ўкраіну;
- падтрымка ўступу Ўкраіны ў Эўразьвяз.
15 сьнежня ў Бэрліне (Нямеччына) завяршыўся другі раунд перамоваў паміж дэлегацыямі Ўкраіны і ЗША аб пляне завяршэньня вайны Расеі супраць Украіны. Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, перамовы з амэрыканскай дэлегацыяй былі прадуктыўнымі і падрабязнымі, але застаецца нявырашаным пытаньне тэрыторый.
Як паведаміла Sky News з спасылкай на крыніцу, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп задаволены вынікамі перамоваў. Суразмоўца выданьня сьцьвярджаў, што па шэрагу пытаньняў быў дасягнуты кансэнсус. Паводле зьвестак The Guardian, дэлегацыя ЗША заявіла, што «90 адсоткаў» пытаньняў бакі ўрэгулявалі.
Форум