Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які спыняе праграмы дапамогі іншым краінам на 90 дзён. З 2020 году беларускія дэмакратычныя палітыкі, актывісты, дзясяткі СМІ і сотні НДА, а таксама прадстаўнікі культуры апынуліся на выгнаньні. Большасьць неабходнай фінансавай падтрымкі ўзялі на сябе заходнія краіны, недзяржаўныя міжнародныя фонды і беларускія фонды падтрымкі, якія зьбіраюць грошы на дапамогу сярод беларусаў. Адзін з значных донараў — гэта ЗША. Расказваем, як разьмяркоўваюцца сродкі і як адаб’ецца на беларускіх праектах часовае спыненьне дапамогі ад ЗША.
Што будзе з дапамогай ад ЗША
Свабода пагаварыла зь некалькімі мэнэджарамі недзяржаўных арганізацый, якія працуюць, у тым ліку, з дапамогай ад ЗША. Гэтая дапамога аказваецца ў межах шэрагу праграм: напрыклад, сродкі на замежныя праекты выдзяляюць Агенцыя ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) і Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED). Як будзе працаваць новы ўказ Трампа па спыненьні замежных праграм фінансаваньня, пакуль да канца не зразумела. Суразмоўцы Свабоды лічаць, што, хутчэй за ўсё, фінансаваньне ўжо прынятых праектаў працягнецца. Можа, працягнецца і фінансаваньне новых праектаў, калі яно ўжо было прынята ў мінулым і зацьверджана. А вось разгляд новых праектаў стане на паўзу, і што зь імі будзе далей, пакуль невядома.
Свабода зьвярнулася з запытам аб наступствах прынятага рашэньня ў беларускую місію USAID. Адказ будзе апублікаваны, калі мы яго атрымаем.
Актывісты замест дзяржавы
У звычайнай, някрызіснай сытуацыі краіны-донары кансультуюцца зь дзяржавамі наконт патрэбнай дапамогі. Напрыклад, грошы трэба на падтрымку экалёгіі, культуры ці захаваньне спадчыны. Плянаваньне ў такім выпадку абапіраецца на стратэгіі, якія вызначаюць урады краінаў-донараў разам з урадам краіны-атрымальніцы. Гэтая практыка працуе па ўсім сьвеце, калі адна краіна цэнтралізавана дапамагае іншай. Такая дапамога адбываецца і ў межах Эўразьвязу. Напрыклад, у 2024 годзе Эўракамісія выдзеліла Літве 10 мільёнаў эўра на ўмацаваньне сыстэмы прыёму ўцекачоў.
Што да Беларусі, заходнія краіны-донары больш не працуюць зь беларускай дзяржавай. Сродкі выдзяляюцца на дапамогу грамадзянскай супольнасьці, актывістам, журналістам.
У 2021 годзе Эўразьвяз пачаў сыстэмна кансультавацца з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю беларусаў на эміграцыі, каб вызначыць, на што патрэбна фінансаваньне. Як выглядае гэты мэханізм, у размове са Свабодай апісвае былы сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, адзін з аўтараў такой сыстэмы кансультацыяў. Раней ЭЗ мог вызначаць патрэбы дапамогі для беларускай супольнасьці разам са сваімі экспэртамі. З 2021 году пачаліся кансультацыі зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю, каб вызначыць, на што менавіта патрэбныя сродкі.
«Гэта працэс, які звычайна вядзецца зь дзяржавамі, а тут ён вядзецца з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і грамадзянскай супольнасьцю. Гэтыя кансультацыі робяцца з удзелам групы прадстаўнікоў арганізацый з розных сфэраў беларускай грамадзянскай супольнасьці (мэдыя, культура, праваабарона), а таксама экспэртаў. Яны займаюцца ацэнкай патрэбаў, абапіраючыся на дасьледаваньні, уласную экспэртызу, і апісваюць тыя патрэбы, якія існуюць у кожным сэктары. Пасьля ўсе патрэбы зводзяцца ў адзін дакумэнт», — расказвае Андрэй Ягораў.
Колькі і якому сэктару выдзеліць грошай, вызначаюць не беларускія палітыкі ці актывісты. Рашэньне за інстытуцыямі ЭЗ на падставе тых кансультацый, якія праводзіліся з прадстаўнікамі кожнага з сэктараў беларускай грамадзянскай супольнасьці, кажа Ягораў.
«З боку ЭЗ могуць запытацца, а чаму лічбы менавіта такія, чаму менавіта такія патрэбы, што на гэтыя рэсурсы будзе зроблена. Пасьля дакумэнт з патрэбамі прэзэнтуецца для краінаў – сяброў ЭЗ. Гэта сустрэча з вышэйшымі чыноўнікамі краінаў – сяброў Эўразьвязу і інстытуцый ЭЗ. Там таксама ідзе абмеркаваньне, задаюцца пытаньні. Прысутнічаюць суаўтары дакумэнту аб патрэбах, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў. Пасьля Эўрапейская камісія прымае рашэньне: ацэньвае патрэбы і суадносіць іх са сваёй палітыкай. Канчатковае рашэньне прымаюць краіны – сябры ЭЗ», — тлумачыць Андрэй Ягораў.
Канчатковая лічба дапамогі і агучаныя патрэбы могуць значна адрозьнівацца. Апроч цэнтралізаванай дапамогі ЭЗ і ЗША, існуе таксама дапамога асобных краін – сяброў ЭЗ, міжнародных арганізацый. ЭЗ не пакрывае ўсіх патрэб; нешта бярэцца пад увагу, нешта — не, дадае суразмоўца.
«Не бывае такога, што на патрэбы напісалі столькі і ЭЗ бяз спрэчак столькі выдзеліў. Ёсьць іншыя донары, і дакумэнт з патрэбамі складаецца таксама і для іх. Вонкавае фінансаваньне для дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці ня можа замяніць дзяржаўнага фінансаваньня гэтага сэктару. Патрэбаў значна больш, чым наяўнага фінансаваньня, таму яго заўсёды недастаткова», — кажа суразмоўца.
На сёньня Эўразьвяз — самы буйны донар для беларускіх праваабарончых арганізацый, для дапамогі з рэабілітацыяй, для падтрымкі палітвязьняў, зазначае Андрэй Ягораў.
Да 2020 году ЭЗ выдзяляў сродкі і беларускай дзяржаве, і грамадзянскай супольнасьці. На Беларусь у сярэднім выдаткоўвалася каля 100–120 мільёнаў эўра на год, прыгадвае Ягораў. З гэтых грошай 10–12% было на грамадзянскую супольнасьць.
Пра якія сумы ідзе гаворка
На сайце Эўракамісіі можна знайсьціінфармацыю пра агульнае фінансаваньне беларускага дэмакратычнага руху, СМІ, НДА, адукацыі, пачынаючы з 2020 году. Агулам гэта сума ў 170 мільёнаў эўра (уключна з апошнімі сродкамі, якія вырашылі выдзеліць у 2024 годзе на будучыню, г. зн. яны яшчэ не патрачаныя).
Згодна з дакумэнтам Эўракамісіі, гэтыя грошы пайшлі на наступныя патрэбы:
— дапамогу больш як 3000 ахвяраў рэпрэсій (легалізацыя, мэдычная дапамога, дапамога ў рэлякацыі);
— дапамога актывістам;
— дапамога незалежным мэдыя;
— дапамога больш як 130 культурным дзеячам;
— больш за 110 грантаў на культурныя праекты;
— дапамога больш як 3300 студэнтам;
— дапамога больш як 3000 жанчын у перакваліфікацыі і навучаньні ў ІТ-сфэры;
— больш за 500 кансультацый для рэлякаванага бізнэсу, звыш 4000 арганізацый узялі ўдзел у праграмах бізнэс-адукацыі.
Такім чынам, дапамога ад ЭЗ для беларускіх НДА, СМІ, сфэры культуры, бізнэсу, актывістаў і пацярпелых ад рэпрэсій з 2020 году складала каля 30 мільёнаў эўра на год.
З 2020 году ЗША выдзелілі на падтрыманьне беларускага руху каля 140 мільёнаў даляраў (каля 137 мільёнаў эўра). Гэты сродкі ішлі на дапамогу дэмакратычнаму руху, абарону правоў грамадзян, мэдыя, на прафэсійнае навучаньне, культурніцкія праекты.
Такім чынам, разам сума падтрымкі ЭЗ і ЗША склала з 2020 году больш за 310 мільёнаў даляраў. Гэта не канчатковая сума. Бо, апроч цэнтральных праектаў дапамогі ЭЗ і ЗША (падтрымка агулам ад ураду), беларускім ініцыятывам дапамагалі і асобныя краіны (напрыклад, у 2021 годзе каля 1,7 мільёна даляраў на грамадзянскую супольнасьць Беларусі выдзеліла Канада). Ёсьць значная дапамога з боку Швэцыі, Польшчы, Нямеччыны. Летась пачаў працу Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускіх палітвязьняў і іхных сем’яў пры падтрымцы Нарвэгіі і іншых краінаў Паўночнай Эўропы. Таксама беларускім праектам спрыялі іншыя краіны і асобныя міжнародныя фонды.
Як выдзеленыя сродкі даходзяць да беларускіх арганізацый
Грошы, якія выдзяляюцца Эўразьвязам і ЗША, не трапляюць адразу некаму адказнаму за канкрэтны сэктар. Яны разьмяркоўваюцца праз фонды, міжнародныя арганізацыі ці асобныя праграмы падтрымкі. У такіх арганізацый ёсьць свае супрацоўнікі, мэнэджмэнт і экспэртыза, а гэта ўсё заробкі і адміністрацыйныя выдаткі. Таму частка сродкаў проста застаецца ў такіх фондах.
«ЭЗ аддае сродкі на разьмеркаваньне арганізацыям і фондам, якія зьяўляюцца выканаўцамі па гэтых сродках. Для культуры існуе адна праграма, для бізнэсу — іншая праграма, для мэдыя — яшчэ адна. Выбіраецца канкрэтны імплемэнтар, які апэруе гэтымі грашыма. Далей фундацыя-імплемэнтар павінна выдзеліць гэтыя грошы: гэта конкурс, заяўкі, апрацоўка заявак. Мэнэджары павінны кантраляваць расход сродкаў. Робіцца справаздачнасьць, якую трэба праверыць. Там павінны быць людзі на пастаянным заробку», — кажа Андрэй Ягораў.
Ёсьць «дарагія» фонды. Напрыклад, фонд працуе ў Нарвэгіі, а там у супрацоўнікаў заробкі вышэйшыя, чым у Польшчы, Літве ці якой іншай краіне. Калі каротка апісваць схему таго, як сродкі даходзяць да асобнай арганізацыі, то яна выглядае так:
1. Заяўка на патрэбы ад супольнасьці прадстаўнікоў розных сфэраў зь беларускай дэмакратычнай супольнасьці.
2. Разгляд Эўракамісіі.
3. Разгляд і рашэньне сяброў – краінаў ЭЗ.
4. Абраньне імплемэнтараў праграм падтрымкі (фондаў, арганізацыяў).
5. Разьмеркаваньне сродкаў тымі фондамі ці арганізацыямі, што выбралі імплемэнтары (сюды накіроўваюцца заяўкі ад беларускіх арганізацый; як правіла, гэта заходнія фонды і арганізацыі).
6. Конкурс праектаў.
7. Канкрэтнае фінансаваньне канкрэтных арганізацый.
Часам паводле такой схемы нейкая арганізацыя можа атрымаць сродкі, а нейкая — не. Бо ў адзін фонд можа быць накіравана да 200 заявак, а задаволіць могуць, напрыклад, 40, кажа экспэрт.
«Ёсьць больш устойлівыя арганізацыі, яны выглядаюць лепш на конкурсным рынку. Ёсьць больш кампэтэнтныя ў фандрайзінгу арганізацыі, ёсьць менш кампэтэнтныя. Ёсьць ініцыятывы новыя, і ў іх можа бракаваць кампэтэнцыяў, могуць атрымлівацца не да канца дасканалыя заяўкі, яны могуць прайграваць іншым, у каго лепшыя праекты, бо гэта канкурэнтная сыстэма», — тлумачыць Ягораў.
Канкрэтны фонд прымае рашэньне згодна са сваімі прыярытэтамі, якія яны сабе вызначылі. Гэта таксама можа паўплываць на ўхваленьне той ці іншай заяўкі.
Як фінансуюцца розныя сфэры
СМІ
І эўрапейскія, і амэрыканскія донары ў справаздачах пішуць пра фінансаваньне СМІ. Пры гэтым беларускія недзяржаўныя мэдыя цяпер гавораць пра нястачу сродкаў, многія папросту ня маюць фінансаваньня, некаторыя істотна скарацілі каманду ці наагул закрыліся. Гэта зьвязана са стратай рэклямнага рынку ў Беларусі, а таксама з ростам патрэбаў, тлумачыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
«У Беларусі многія мэдыя мелі значную частку рэклямнага бюджэту. З выездам сытуацыя зьмянілася, бо рэклямны адсотак стаў зусім нізкі. Усе сталі „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“. У большасьці сваёй мэдыя прытрымліваюцца грантавай мадэлі і збору данатаў. Грантавыя праектныя грошы — гэта краінавыя донары, прыватныя донары і міжнародныя фонды. Большасьць мэдыя за апошнія 4 гады мусілі ўзмацніць у сваіх штатах пазыцыю фандрайзэра, бо патрэбы вырасьлі, а сродкаў стала меней», — расказвае Барыс Гарэцкі.
СМІ зараз увесь час знаходзяцца ў стане пошуку сродкаў, зьвяртае ўвагу суразмоўца. Нават калі нейкія лініі падтрыманьня ўжо ёсьць.
«Глябальныя трэнды такія, што колькасьць сродкаў скарачаецца ці будзе скарачацца. Мінулыя гады для Беларусі працавалі экстранныя сыстэмы падтрымкі, цяпер гэтыя экстранныя праграмы згортваюцца. Аб’ём падтрымкі на беларускі мэдыясэктар — на 70% бюджэту выжываньня. Ніякія заходнія донары ня маюць нейкіх абавязкаў перад беларускімі мэдыя. Гэта добрая воля — выдзяляць нейкую суму, праз год ці два гэтая сума можа быць яшчэ меншая», — зважае Барыс Гарэцкі.
Частка выданьняў ужо сёньня маюць праблемы, некаторыя СМІ могуць праз гэта зьнікнуць, мяркуе суразмоўца. Адна зь небясьпек для беларускіх мэдыя сёньня — канкурэнцыя зь недзяржаўнымі расейскімі. Іх таксама падтрымліваюць донары, для якіх часам існуе выбар — падтрымаць расейскія мэдыя, якія маюць большы ахоп і аўдыторыю ў Беларусі, ці беларускія.
Гуманітарная дапамога
Адзін з істотных напрамкаў дапамогі заходніх партнэраў — падтрымка палітвязьняў і ахвяраў рэпрэсій, а таксама іх рэабілітацыя. Гэтым займаецца, сярод іншага, фонд BySol, які фінансуецца з ахвяраваньняў беларусаў, а таксама з падтрымкі ад заходніх партнэраў. Па словах сузаснавальніка фонду Андрэя Стрыжака, заходняя падтрымка сёньня складае каля 10–15%, астатняе — данаты людзей.
Заходнія партнэры рэдка выдзялялі грошы, каб выплачваць дапамогу людзям наўпрост, кажа Андрэй Стрыжак.
«Міжнародныя інстытуцыйныя донары рэдка даюць грошы на прамыя выплаты. Лёгіка донарскай падтрымкі раней была ў падтрымцы структураў, арганізацыйнай дзейнасьці. Выплаты дапамогі ці разавыя выплаты складалася з данатаў людзей. Да 2024 году было некалькі донарскіх праектаў, якія давалі такія выплаты, але гэта было, напрыклад, перанавучаньне», — расказвае Андрэй Стрыжак.
У 2024 годзе на заклік Сьвятланы Ціханоўскай быў створаны міжнародны гуманітарны фонд, які складаецца з унёскаў дзяржаў. У асноўным гэты фонд падтрымалі краіны Паўночнай Эўропы: Данія, Нарвэгія, Швэцыя. BySol ужо атрымаў ад іх 159 тысяч эўра на прамыя выплаты.
Рэабілітацыя былых зьняволеных — адзін з самых дарагіх момантаў падтрымкі.
«Часам у чалавека былі нейкія хранічныя захворваньні, якія пагаршаюцца ў зьняволеньні. Ёсьць розьніца, калі чалавек адседзеў год, два, тры; зараз будуць людзі, якія правялі ў зьняволеньні пяць гадоў. І гэта ўжо складаней. Колькі б ні выдзялялася на гэты кірунак — заўжды будзе недахоп», — кажа Андрэй Стрыжак.
Асноўная частка сродкаў заходніх партнэраў у BySol ідзе на выдаткі арганізацыі. Гэта ўтрыманьне каманды і рэалізацыя праектных праграм — навучаньне і перанавучаньне людзей, якія страцілі працу ў выніку рэпрэсій і вымушаныя наладжваць жыцьцё наноў на эміграцыі, онлайн-навучаньне бясьпецы і эканамічнай граматнасьці.
«Шмат кірункаў, якія немагчыма падлічыць. Напрыклад, эвакуацыя. Тыя грошы, якія выдзяляюцца партнэрамі, не заўсёды ідуць наўпрост на дапамогу людзям. Гэта важна для стварэньня інфраструктуры, для падтрыманьня працаздольнасьці нашай арганізацыі. Для прамых выплат пераважную ролю адыгрываюць данаты людзей і міжнародны гуманітарны фонд», — тлумачыць Андрэй Стрыжак.
Бізнэс
Бізнэсам зь беларускімі каранямі за мяжой апякуецца каля двух дзясяткаў розных арганізацый, шмат якія зь іх маюць фінансавую падтрымку ад заходніх партнэраў. Гэта кансультацыі, навучаньне, конкурсы, бізнэс-форумы ды іншыя формы падтрымкі.
Адна з такіх арганізацый — Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой ABBA. Летась яе экспэрты правялі больш за 400 гадзін кансультацый у межах гранту ад ЭЗ, два конкурсы бізнэс-праектаў з прызавым фондам памерам 40 000 эўра, тры бізнэс-форумы, а таксама сэмінары, нэтворкінгі, бізнэс-сустрэчы зь мясцовымі ўладамі ў ЭЗ і ЗША.
Два гады таму быў створаны кансорцыюм для падтрымкі беларускага бізнэсу за мяжой. Сярод яго ўдзельнікаў, апроч ABBA, — Польская гандлёва-прамысловая палата (KIG), навукова-дасьледчы цэнтар CASE і Літоўская канфэдэрацыя працадаўцаў (LDK). ABBA разам з трыма гэтымі арганізацыямі цягам 2023–2024 году мела ад ЭЗ каля 1 мільёна эўра. Па ацэнках арганізацыі, гэта каля 0,2–0,3% ад сумаў, якія пачынаючы з 2020 году выдзяляліся Эўразьвязам, ЗША і іншымі краінамі на дапамогу беларускім праектам. ABBA працуе з 2021 году. Адзін з кірункаў працы — гэта дапамога з адкрыцьцём бізнэсу.
«Шмат плёну даюць кансультацыі. Вельмі шмат іх было наконт таго, як распачаць бізнэс. Гэта тычыцца падаткаў, бухгальтарскага ўліку, карпаратыўнага права. Як здабыць падтрымку, у тым ліку грантавую, — гэта таксама ўваходзіць у кансультацыі. Людзям, якія прайшлі праз такія кансультацыі, значна лягчэй адкрываць і разьвіваць свае бізнэсы», — расказвае адзін з кіраўнікоў АВВА Яўген Буры.
Адна такая кансультацыя займае гадзіну і каштуе для асацыяцыі 50 эўра. Рынкавы кошт такіх кансультацый вышэйшы, адзначае Яўген Буры, 150–200 эўра. Аднак экспэрты пагаджаюцца на такую суму, у тым ліку і дзеля таго, каб паспрыяць разьвіцьцю беларускага бізнэсу. Шэраг кансультацый ABBA таксама аказвае самастойна, бязь зьнешніх экспэртаў. Для бізнэсу ўсе кансультацыі бясплатныя, адзначае суразмоўца.
Таксама Асацыяцыя праводзіць конкурсы сярод прадстаўнікоў бізнэсу: за час дзеяньня згаданага праекту ад Эўразьвязу кожны з 18 пераможцаў атрымаў прыз па 5000 эўра.
«Бізнэс падпісвае з намі дакумэнт, дзе прапісаныя ўмовы выкарыстаньня сродкаў, што гэтыя грошы пойдуць, напрыклад, не на адпачынак, а на разьвіцьцё. Мы гэта кантралюем», — падкрэсьлівае Яўген Буры.
Сярод іншага, грошы ідуць на заробкі людзям, якія працуюць у асацыяцыі, а таксама на ганарары зьнешнім спэцыялістам. Гэта каля 40% усіх выдаткаў, кажа Буры.
«Гэта ня толькі заробкі каманды, але і вонкавыя спэцыялісты: людзі, якія праводзяць сэмінары і кансультацыі, юрысты. Асацыяцыя працуе з паслугамі. Заробкі ў каманды фіксаваныя, донары кантралююць нашы заробкі і аплачваюць толькі палову заробку, другую палову мы мусім шукаць самі ці жыць на гэтую палову», — кажа Буры.
Гэты заробак для сяброў каманды, мэнэджмэнту асацыяцыі — каля тысячы эўра на рукі. У сталай камандзе працуюць шэсьць чалавек і адзін чалавек на падрадзе. Іншыя выдаткі — арэнда офіса і іншых памяшканьняў для вялікіх імпрэзаў, конкурсы, камандзіроўкі для сустрэч з чыноўнікамі, бізнэсам і ўладамі ў розных краінах.
«Каманда працуе ня дзеля вялікага заробку, а дзеля разьвіцьця Асацыяцыі і вольнай Беларусі і яе эканомікі», — кажа суразмоўца.
У публічнай прасторы раней узьнікалі спрэчкі і непаразуменьні што да тратаў фінансавай дапамогі ад заходніх партнэраў. Некаторыя ўдзельнікі публічных дыскусій дзівіліся, што грошы ідуць, сярод іншага, і на бізнэс.
Яўген Буры тлумачыць, што падтрымка бізнэсу сёньня — важная частка працэсу пабудовы грамадзянскай супольнасьці, бо бізнэс пацярпеў ад рэпрэсій, як і ўсе іншыя.
«Бізнэс ня проста робіць нейкія выдаткі, а інвэстуе ў разьвіцьцё менавіта бізнэсу. Гэта спрыяе разьвіцьцю сярэдняй клясы і, адпаведна, пабудове разьвітай грамадзянскай супольнасьці. Укладзены сёньня 1 эўра ў падтрымку бізнэсу мае мультыплікацыйны эфэкт. Вельмі няправільна ствараць клясавую нянавісьць адзін да аднаго. Бізнэс у 2020 годзе стаяў у авангардзе пратэстаў, сыходзіў у забастоўку. У кагосьці бізнэс зруйнавалі, нехта апынуўся за мяжой з адным заплечнікам. Гэты грошы для новых працоўных месцаў», — падкрэсьлівае суразмоўца.
Таксама, паводле Яўгена Бурага, бізнэс-структуры ўжо падтрымліваюць іншыя сфэры. Але для гэтага вельмі важная транспарэнтнасьць такіх сфэраў і структураў, якія ў іх працуюць.
«Асацыяцыя таксама праводзіць івэнты, накіраваныя на падтрымку дзеячоў культуры. Рабілі аўкцыён твораў нашых мастакоў для бізнэсу разам зь іншымі беларускім структурамі. Быў івэнт і на збор сродкаў для дзяцей палітвязьняў. Мы часта чуем ад бізнэсу, што, каб пачаць дапамагаць нейкім структурам, важная транспарэнтнасьць такіх структур, магчымасьць паглядзець фінансаваньне, справаздачнасьць, каб ацаніць эфэктыўнасьць гэтай працы», — кажа Буры.
Культура
Краіны Захаду падтрымліваюць і беларускую культуру. Пасьля 2020 году ў Беларусі зьліквідавалі большасьць незалежных арганізацый, якія займаліся культурай. 174 дзеячы культуры знаходзяцца ў зьняволеньні. Краіну пакінулі сотні музыкаў, артыстаў, творцаў. За мяжой сваю дзейнасьць вядуць больш за сотню арганізацый, датычных да культуры.
Падтрымкай творцаў і адбудовай экасыстэмы беларускай культуры ў новых умовах займаеццца, сярод іншых, Беларуская рада культуры. Яна мае падтрымку ад заходніх партнэраў, аднак гэтыя бюджэты далёкія ад выдаткаў міністэрстваў культуры ў межах краін.
Кіраўнік Рады Сяргей Будкін прыводзіць прыклад адной з праграмаў падтрымкі культурных дзеячоў, арганізацый, праектаў, — ArtPower, якая рэалізуецца разам з Дацкім інстытутам культуры пры падтрымцы Эўракамісіі. Бюджэт гэтага праекту — 2 мільёны эўра. Апроч таго, Рада культуры прыцягвае рэсурсы праз шэраг эўрапейскіх і амэрыканскіх фондаў, а таксама прыватных фундатараў — мэцэнатаў і бізнэсоўцаў.
«Колькасьць заявак значна перавышае магчымасьці падтрымкі. У межах Art Power, напрыклад, мы атрымалі ў 5 разоў болей заявак, чым маглі ўхваліць. Зь іншага боку, мусім радавацца тым магчымасьцям, якія ёсьць. Ніхто ж нікому нічога не абавязаны. Тое, што культура ўвайшла ў прыярытэты ЭЗ, — гэта ўжо добра. Без культуры мы ня зможам будаваць дэмакратычнае грамадзтва», — заўважае Сяргей Будкін.
Суразмоўца прыводзіць прыклад, што культуру звычайна падтрымліваюць на дзяржаўным узроўні, а ў беларусаў за мяжой дзяржавы няма, таму і дзяржаўнай уласнай падтрымкі няма. Для беларускіх культурных ініцыятыў за мяжой застаецца перадусім магчымасьць грантавай падтрымкі.
«Культуру мы разумеем як шырокае поле дзейнасьці, якое ўключае ў сябе ня толькі мастацтва, спадчыну і індустрыю забаваў, але і адукацыю, асьвету і адпаведныя каналы камунікацыі зь беларусамі. Таму культурны кампанэнт прысутнічае і ў іншых праграмах падтрымкі з боку Захаду (мэдыя, акадэмічныя праграмы, падтрымка грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу, адукацыі). Нешта выдзяляецца Эўразьвязам, нешта ЗША, нешта асобнымі краінамі ў межах падтрымкі мясцовых ініцыятыў і нацыянальных меншасьцяў. Падлічыць агульную суму папросту немагчыма», — зважае суразмоўца.
Згодна са зводным дакумэнтам аб патрэбах беларускай культуры (Need assessment), на 2025–2027 гады культура патрабуе 16,2 мільёна эўра. На год — 5,4 мільёна эўра.
«Ніхто ў рэальнасьці столькі ня дасьць, але калі хаця б траціна з гэтых сродкаў атрымаецца — гэта будзе ўжо посьпех», — кажа Сяргей Будкін.
Для параўнаньня, бюджэт на 2025 год у Беларусі на культуру — 289,9 мільёна рублёў, або 80 мільёнаў эўра.
Форум