Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі абвінавацілі Ўкраіну ў спробе абстраляць «ядзерны аб’ект» на Смаленшчыне, што недалёка ад Беларусі


Мяжа Беларусі і Смаленскай вобласьці Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Мяжа Беларусі і Смаленскай вобласьці Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Губэрнатар Смаленскай вобласьці Васілій Анохін заявіў аб «інтэнсіўнай атацы дронамі» на цывільныя аб’екты ў рэгіёне. У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што над Смаленскай вобласьцю «зьнішчылі і перахапілі» 11 украінскіх бесьпілётнікаў.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін з бесьпілётнікаў зьбілі ў часе спробы нападу на аб’ект ядзернай энэргетыкі. Пацярпелых і разбурэньняў няма», — паведаміў Васіль Анохін у сваім Telegram-канале.

Губэрнатар не ўдакладніў назвы гэтага аб’екту. Вядома, што ў Смаленскай вобласьці пад горадам Дзеснагорск працуе Смаленская АЭС. На ёй цяпер эксплюатуюць тры рэактары. АЭС — гэта вялікі комплекс сыстэм, будынкаў, памяшканьняў і аб’ектаў, у тым ліку адміністрацыйных, гаспадарчых і вытворчых. Над якім зь іх зьбілі бесьпілётнік, губэрнатар не сказаў.

У Telegram-канале Смаленскай АЭС аб інцыдэнце нічога не паведамляюць. «Працуем у штатным рэжыме. На Смаленскай АЭС у рабоце два энэргаблёкі. Энэргаблёк №3 у плянавым рамонце з 13 студзеня», — адзначаецца ў паведамленьні станцыі.

Шэраг паблікаў Смаленскай вобласьці сьцьвярджаюць, што дроны, якія ляцелі над вобласьцю, вылецелі з тэрыторыі вобласьці. І толькі ў адным — «ЧП|Смоленск и область» — напісалі з спасылкай на інтэрнэт-тэлеканал «Царьград», што «УСУ (Узброеныя сілы Ўкраіны) спрабавалі атакаваць Смаленскую АЭС. Дроны нібыта зьнішчылі сіламі радыёэлектроннай барацьбы і сыстэмамі супрацьпаветранай абароны.

Як паведаміла Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 29 студзеня сілы СПА «перахапілі і зьнішчылі» нібыта 104 украінскія бесьпілётнікі: 47 — над Курскай, 27 — над Бранскай, 11 — над Смаленскай, 7 — над Цьвярской, 4 — над Белгарадзкай, 3 — над Ніжагародзкай, 3 — над Калускай і па адным над Растоўскай і Ленінградзкай вобласьцю.

Ва Ўкраіне гэтага інцыдэнту не камэнтуюць.

Пацьвердзіць інфармацыю ўладаў Расеі ў незалежных крыніцах ва ўмовах вайны немагчыма. Раней Расея неаднаразова абвінавачвала Ўкраіну ў спробах абстраляць Запароскую АЭС, якую расейскія войскі захапілі ў 2022 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG