28 студзеня Эўракамісія зацьвердзіла прапанову аб увядзеньні мытаў на шэраг сельскагаспадарчых тавараў зь Беларусі і Расеі, а таксама на некаторыя азотныя ўгнаеньні.
Сельскагаспадарчая прадукцыя, якую закрануць новыя мытныя зборы, складае 15% сельскагаспадарчага імпарту з Расеі ў 2023 годзе, на які яшчэ ня дзейнічалі павышаныя мыты. Пасьля прыняцьця прапановы ўвесь сельскагаспадарчы імпарт з Расеі будзе абкладацца мытамі ЭЗ, гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўракамісіі.
«Мэта прапановы — зьнізіць залежнасьць ад імпарту з Расеі і Беларусі. Такі імпарт, асабліва ўгнаеньняў, робіць ЭЗ уразьлівым для патэнцыйных прымусовых дзеяньняў з боку Расеі і, такім чынам, уяўляе небясьпеку для харчовай бясьпекі ЭЗ», — паведамляецца ў прэс-рэлізе.
Таксама, паводле Эўракамісіі, уведзеныя мыты павінны падтрымаць рост унутранай вытворчасьці і прамысловасьці ўгнаеньняў ЭЗ, якая пацярпела падчас энэргетычнага крызісу. Як адзначаюць у ведамстве, мера дазволіць дывэрсыфікаваць пастаўкі з трэціх краін, дапаможа забясьпечыць стабільныя пастаўкі ўгнаеньняў і гарантаваць, што ўгнаеньні застануцца даступнымі для фэрмэраў ЭЗ па даступнай цане.
Азначаецца, што прапанова таксама ўключае зьмякчальныя меры, на выпадак калі фэрмэры ЭЗ убачаць істотны рост цэнаў на ўгнаеньні.
У Эўракамісіі чакаюць, што тарыфы нэгатыўна паўплываюць на даходы ад расейскага экспарту, што паўплывае на здольнасьць Расеі весьці агрэсіўную вайну супраць Украіны.
Прапанаваныя меры не закранаюць транзыт усіх сельскагаспадарчых прадуктаў і ўгнаеньняў з Расеі і Беларусі ў трэція краіны ў адпаведнасьці з абавязаньнямі ЭЗ садзейнічаць забесьпячэньню харчовай бясьпекі ва ўсім сьвеце, у прыватнасьці для краін, якія разьвіваюцца, адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Цяпер прапанову Эўракамісіі павінны разгледзець Эўрапейскі парлямэнт і Эўрапейская рада і зацьвердзіць яе галасаваньнем кваліфікаванай большасьцю галасоў.
- З 1 ліпеня 2024 году ў Эўразьвязе набылі юрыдычную моц павялічаныя імпартныя мыты, уведзеныя на некаторыя віды сельгаспрадукцыі зь Беларусі і Расеі, якія фактычна зрабілі немагчымым далейшыя пастаўкі іх збожжа на эўрапейскі рынак. У залежнасьці ад канкрэтнага прадукту новыя мыты павялічыліся або на 95 эўра за тону прадукцыі, якая імпартуецца ў ЭЗ, або да 50% цаны на пшаніцу на рынках Эўразьвязу. Рашэньне распаўсюджваецца на збожжавыя, алейныя тавары, прадукты іх перапрацоўваньня, на бураковыя жамерыны і сушаны гарох з Расеі і Беларусі, а таксама на прадукцыю, якая наўпрост або ўскосна пастаўляецца зь дзьвюх краін, але не закранае транзыту ў трэція краіны. Расея і Беларусь таксама страцілі доступ да квотаў ЭЗ.
Форум