Суд так званай «ДНР» завочна асудзіў грамадзяніна Беларусі М. да 14 гадоў калёніі паводле артыкулу аб найміцтве, паведамляе прэс-служба суда.
Прэс-служба суда не называе поўнае імя добраахвотніка. Праўладны тэлеграм-канал, блізкі да беларускіх сілавікоў,
сьцьвярджае, што гаворка ідзе пра гамельчука Аляксандра Міхаленку, які нібыта ваюе ва Ўкраіне ў складзе Беларускага добраахвотніцкага корпуса.
Паведамляецца, што ў Беларусі на яго завялі крымінальную справу (артыкул не названы) і што ён зьехаў з краіны ў 2021 году.
Беларускі добраахвотніцкі корпус — створанае ў канцы 2022 году абʼяднаньне беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць на баку Ўкраіны. Яно зьявілася на хвалі незадаволенасьці часткі байцоў палітызацыяй добраахвотніцкіх сілаў беларусаў ва Ўкраіне. Сваімі мэтамі ваяры заявілі «дэакупацыю Беларусі і Ўкраіны». БДК удзельнічае ў сумесных апэрацыях з Расейскім добраахвотніцкім корпусам.
У сьнежня 2023 году Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 14 сьнежня прызнала Беларускі добраахвотніцкі корпус «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- У кастрычніку 2024 году суд так званай «ДНР» завочна асудзіў на 14 гадоў пазбаўленьня волі добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага, 21-гадовага грамадзяніна Беларусі Аляксандра Думбляўскаса.
- 17 верасьня пракуратура так званай «ДНР» накіравала ў суд справу супраць 28-гадовага Яна Дзюрбейкі, які, як мяркуецца, трапіў у расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. 7 кастрычніка яго завочна асудзілі на 14 год зьняволеньня.
Форум