Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто павіншаваў Лукашэнку зь сёмым тэрмінам. Абнаўляецца

абноўлена

Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў. Архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў. Архіўнае фота

Пуцін і Такаеў першымі павіншавалі Лукашэнку зь перамогай на выбарах да абвяшчэньня афіцыйных вынікаў галасаваньня.

Выбары ў Беларусі адбываліся ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, насілі несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

Прэзыдэнты Расеі і Казахстану Ўладзімір Пуцін і Касым-Жамарт Такаеў павіншавалі Аляксандра Лукашэнку зь перамогай на выбарах 26 студзеня да абвяшчэньня афіцыйных вынікаў галасаваньня.

«Пераканаўчая перамога на выбарах наглядна сьведчыць аб вашым высокім палітычным аўтарытэце, а таксама аб несумнеўнай падтрымцы насельніцтвам дзяржаўнага курсу, якім ідзе Беларусь», — адзначаецца ў віншаваньні Пуціна.

Расейскі прэзыдэнт назваў Лукашэнку «жаданым і дарагім госьцем на расейскай зямлі» і дадаў, што неўзабаве чакае Лукашэнку ў Маскве, каб працягнуць цесную супольную працу па разьвіцьці расейска-беларускага супрацоўніцтва і павысіць эфэктыўнасьць інстытутаў «саюзнай дзяржавы».

З кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў першым павіншаваў Лукашэнку Рамзан Кадыраў. Ён апублікаваў фота з Лукашэнкам і назваў яго «адзіным годным кандыдатам на гэтую адказную пасаду».

У тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнку павіншаваў зь перамогай таксама і прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.

Пазьней Лукашэнку зь «пераканаўчай перамогай» павіншавалі кіраўнікі Ўзбэкістану і Таджыкістану Шаўкат Мірзіёеў і Эмамалі Рахмон. Прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Жапараў таксама павіншаваў Лукашэнку з «упэўненай перамогай на выбарах».

Пра разьвіцьцё «дружалюбных адносін паміж дзьвюма краінамі» была тэлефонная размова Лукашэнкі з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.

Павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах і прэзыдэнт Віетнаму Лыонг Кыонг. У віншаваньні гаворыцца, што Віетнам «надае вялікае значэньне ўмацаваньню і разьвіцьцю традыцыйнага сяброўства зь Беларусьсю».

Ад імя ўраду Вэнэсуэлы Лукашэнку і беларускі народ павіншаваў кіраўнік МЗС краіны Іван Гіль Пінта.

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін 27 студзеня таксама патэлефанаваў Лукашэнку, каб павіншаваць яго «зь пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта».

Як адзначаецца ў паведамленьні МЗС Кітаю, Сі Цзіньпін заявіў, што гатовы прадоўжыць супрацоўнічаць з Лукашэнкам «для працягу традыцыйнай дружбы паміж дзяржавамі, паглыбленьня ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і садзейнічаньня далейшаму разьвіцьцю кітайска-беларускіх дачыненьняў на карысьць народаў дзьвюх краін».

Асобна лідэр КНР адзначыў «плённыя вынікі» ў супольным будаўніцтве «Аднаго пояса, аднаго шляху».

Паводле папярэдніх вынікаў, абнародаваных ЦВК, за Аляксандра Лукашэнку нібыта прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. Яўка на выбарах склала 85,7%. ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG