Ізраільцянкі Карына Арыеў, Даніэла Гільбоа, Наама Леві і Ліры Альбаг праходзілі тэрміновую службу ў Арміі абароны Ізраілю. Яны былі выкрадзеныя 7 кастрычніка 2023 году. У руках джыхадыстаў яны знаходзіліся 477 дзён.
Перадача ізраільцянак Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа праходзіла на цэнтральнай плошчы горада Газа. Туды прыбылі прадстаўнікі ХАМАС і «Ісламскага джыхаду». Абедзьве гэтыя групоўкі прызнаны тэрарыстычнымі ў ЗША і Эўразвязе. У мінулых абменах «Ісламскі джыхад» ня ўдзельнічаў. Магчыма, прадстаўнікі групоўкі прысутнічаюць, бо ў іх знаходзілася адна з закладніц.
У цэнтры Газы на месцы, дзе праходзіла перадача закладніц Чырвонаму Крыжу, прысутнічалі мясцовыя жыхары. Прадстаўнікі Чырвонага Крыжа і ХАМАС падпісалі дакумэнты аб перадачы закладніц на спэцыяльна пабудаванай сцэне.
Ізраільскія СМІ і тэлеграм-каналы паведамляюць, што сёньняшняя ўгода пачалася раней за прызначаны тэрмін, бо групоўкі хацелі выдаць ізраільскіх вайскоўцаў закладніц пры сьвятле дня.
Ізраільцянак перад выдачай апранулі ў вайсковую форму ЦАХАЛ і вывелі на сцэну. Затым закладніцы перайшлі ў аўтамабілі Чырвонага Крыжа.
- У абмен на вызваленых вайскоўцаў ізраільскія ўлады павінны вызваліць 200 палестынскіх зьняволеных, у тым ліку 121 чалавека, якім прызначанае пажыцьцёвае зьняволеньне. 70 зь іх будуць дэпартаваныя за межы сэктара Газа і Заходняга берага. Частку зь іх адправяць у Эгіпет, Алжыр, Катар ці Турэччыну.
- 19 студзеня адбыўся першы абмен ізраільскіх закладнікаў на палестынскіх зьняволеных. ХАМАС адпусьціў на волю 24-гадовую Ромі Ганен, 28-гадовую Эмілі Тэіла Дамары і 31-гадовую Дорон Штэйнбрэхер. Ізраіль вызваліў з турмаў 90 палестынскіх зьняволеных.
- Пагадненьне паміж Ізраілем і ХАМАС, дасягнутае пры дапамозе пасярэднікаў, складаецца зь некалькіх этапаў. На першым этапе, які працягнецца 42 дні, палестынская групоўка абавязалася вызваліць 33 закладнікаў, а Ізраіль пачаць вывад войскаў з сэктара Газа. Групоўка перадала ізраільцянам толькі 30 імёнаў. У адказ Ізраіль агулам павінен вызваліць каля 2 тысяч палестынскіх зьняволеных.
Форум