Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: «Сапраўды, нам лепш сустрэцца з Трампам»


Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін падчас саміту ў Фінляндыі. Архіўнае фота.
Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін падчас саміту ў Фінляндыі. Архіўнае фота.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра жаданьне сустрэцца з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, каб, як ён сказаў, спакойна абмеркаваць пытаньні, якія выклікаюць узаемную цікавасьць.

«Хутчэй за ўсё, сапраўды, нам лепш сустрэцца, абапіраючыся на рэаліі сёньняшняга дня, паразмаўляць спакойна па ўсіх тых напрамках, якія выклікаюць цікавасьць як для ЗША, так і для Расеі. Мы гатовыя», — сказаў Пуцін у інтэрвію ў этэры тэлеканала «Россия 24».

Пуцін назваў Трампа «ня толькі разумным, але і прагматычным чалавекам», які, на думку расейскага прэзыдэнта, ня будзе прымаць рашэньняў па санкцыях, якія нашкодзяць амэрыканскай эканоміцы.

У тым жа інтэрвію, якое выйшла ў пятніцу, Уладзімір Пуцін заявіў, што з Дональдам Трампам у яго «заўсёды былі выключна дзелавыя і ў той жа час прагматычныя і даверныя адносіны».

«Я не магу не пагадзіцца зь ім у тым, што калі б у яго ў 2020 годзе ня скралі перамогу, то, магчыма, і не было б таго крызісу на Ўкраіне, які ўзьнік у 2022 годзе», — дадаў Пуцін. Тым самым ён падтрымаў не пацьверджаныя амэрыканскімі судамі сьцьвярджэньні Дональда Трампа пра тое, што вынікі выбараў у 2020 годзе былі несумленнымі.

Раней прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Пуцін гатовы да размовы з Трампам. «Пуцін гатовы, мы чакаем сыгналаў», — сказаў Пяскоў у пятніцу, 24 студзеня, адказваючы на пытаньні журналістаў. Пяскоў сярод іншага таксама сказаў, што зыход вайны Расеі супраць Украіны не залежыць ад сусьветных цэнаў на нафту, а самі баявыя дзеяньні зьвязаныя з «пагрозай нацыянальнай бясьпецы Расейскай Фэдэрацыі».

Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ва Ўладзіміра Пуціна не было асабістых сустрэч з кіраўніком папярэдняй амэрыканскай адміністрацыі Джо Байдэнам.

Трамп 22 студзеня зьвярнуўся да Пуціна з заклікам «заключыць угоду» і пакласьці канец вайне. Па словах прэзыдэнта ЗША, калі Расея адмовіцца, Вашынгтон можа ўвесьці супраць яе новыя санкцыі і мыта. Пры гэтым Трамп не прывёў падрабязнасьцяў наконт зьместу прапанаванай ім «угоды».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію Bloomberg раней заяўляў, што будзе гатовы да перамоваў з Расеяй, калі тыя будуць весьціся з «моцнай пазыцыі». Для гэтага Ўкраіна, па словах Зяленскага, павінна атрымаць неабходныя гарантыі бясьпекі ад Злучаных Штатаў. Зяленскі таксама адзначыў, што без Расеі скончыць вайну дыпляматычным шляхам будзе немагчыма.

Уладзімір Пуцін ня раз падкрэсьліваў, што Расея будзе гатовая да перамоваў аб міры, толькі калі Ўкраіна выведзе свае войскі з чатырох украінскіх абласьцей, пра анэксію якіх раней заявіла Масква. Кіеў называе гэта непрымальнай для сябе ўмовай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG