Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што зьвярнуўся ў міжнародныя арганізацыі — ААН і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа — па фіксацыю чарговага расстрэлу расейскімі вайскоўцамі палонных украінцаў.
Як паведаміў у сваім Telegram-канале Дзьмітро Лубінец, на відэазапісе, які зрабілі самі расейцы і распаўсюдзілі ў інтэрнэце, — расстрэл у сьпіну шасьці ўкраінскіх ваеннапалонных.
«Відэа абрываецца, калі на зямлі ляжыць сёмы воін, ягоны лёс невядомы. Расстрэл кожнага з палонных адбываецца на вачах у іншых пабрацімаў. Пры гэтым акупанты загадваюць ім „ляжаць і закрыць рот“, а „апэратар“ кажа: „Адзін — мой“, а неўзабаве бачна, як ён выпускае шэраг куль у сьпіну аднаму з ваеннапалонных», — расказаў амбудсмэн Украіны, як адбываўся расстрэл.
Дзьмітро Лубінец заявіў пра неабходнасьць міжнароднай фіксацыі гэтага факту.
«Адсутнасьць адказнасьці ператварыла злачынства ў сыстэмнасьць. На гэта нельга закрываць вочы. Украіна патрабуе справядлівасьці і адказнасьці для тых, хто ўчыняе злачынствы і не выконвае ніводнае нормы», — заявіў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец.
Гэта ня першы выпадак, калі становіцца вядома, што расейскія вайскоўцы расстрэльваюць украінцаў, якія здаліся ў палон.
У сакавіку 2024 году Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека атрымала паведамленьні пра 12 выпадкаў расстрэлу 32 украінскіх палонных. На той момант у ААН пацьвердзілі пакараньне сьмерцю 7 украінскіх палонных вайскоўцаў зь сьнежня 2023 году да лютага 2024-га.
Форум