Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гендакладчык ПАРЭ: так званыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі «стануць чарговай фікцыяй»


Рышард Пэтру
Рышард Пэтру

Генэральны дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што «так званыя прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня 2025 году, стануць чарговай фікцыяй, якая зноў пазбавіць беларускі народ права на ўдзел у свабодных і справядлівых выбарах».

У сваёй заяве, апублікаванай на сайце ПАРЭ, Рышард Пэтру падкрэсьлівае, што масавыя рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, якія «прывялі да адвольнага затрыманьня дзясяткаў тысяч мірных пратэстоўцаў пасьля фальсыфікаваных выбараў 2020 году», працягваюцца і па гэты дзень, што «дэманструе абуральнае грэбаваньне міжнародным правам і дэмакратычнымі нормамі».

У заяве гендакладчык ПАРЭ падкрэсьлівае, што за кратамі ў Беларусі застаюцца больш за 1200 палітвязьняў, апазыцыйныя палітычныя партыі і прафсаюзы ў краіне ліквідаваныя, а іх лідэры зазналі перасьлед. Таксама ён адзначае, што «да 500 000 беларусаў цяпер жывуць у выгнаньні».

«Выбары, якія праводзяцца ў такіх рэпрэсіўных умовах, адзначаных адсутнасьцю свабодаў слова, сходаў і асацыяцыяў, адсутнасьцю вартых даверу ўнутраных або міжнародных назіральнікаў за выбарамі і адсутнасьцю празрыстага працэсу падліку галасоў, ня могуць і ня будуць адпавядаць міжнародна прызнаным стандартам справядлівасьці і легітымнасьці», — гаворыцца ў заяве Рышарда Пэтру.

Ён падкрэсьлівае, што ПАРЭ салідарная з народам Беларусі і мае намер падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы на чале са Сьвятланай Ціханоўскай «у імкненьні да дэмакратычнай будучыні ў незалежнай, сувэрэннай, мірнай і квітнеючай Беларусі».

Прадстаўнічая дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі павінна ўзяць удзел у працы Парлямэнцкай асамблеі на пачатку зімовай пленарнай сэсіі ў Страсбургу на наступным тыдні.

  • Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Шэраг заходніх краін і інстытуцыяў ужо зрабілі заявы аб тым, што ня маюць намеру прызнаваць іх вынікі. На пасяджэньні 22 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі».
  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
  • У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG