За апошнія содні расейскія войскі атакавалі 16 абласьцей Украіны 131 дронам і чатырма балістычнымі ракетамі.
Цэлі расейскіх войскаў — цывільны сэктар
Як паведаміла камандаваньне Паветраных сіл Украіны, супрацьпаветраныя сілы зьбілі 72 расейскія ўдарныя дроны над Палтаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Чаркаскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Хмяльніцкай, Віньніцкай, Кіраваградзкай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Мікалаеўскай, Адэскай, Запароскай і Ровенскай вобласьцямі.
Яшчэ 59 бесьпілётнікаў абясшкодзілі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы без наступстваў на зямлі і ў паветры.
У Палтаўскай і Чаркаскай абласьцях аскепкі зьбітых дронаў пашкодзілі адміністрацыйныя і прыватныя будынкі, а таксама гаспадарчыя памяшканьні.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяр няма. Камунальныя і выратавальныя службы занятыя на ліквідацыі наступстваў.
Сытуацыя на фронце ўскладняецца
Аналітыкі ўкраінскага праект DeepState паведамілі аб прасоўваньні расейскіх войскаў каля пяці населеных пунктаў Данецкай вобласьці.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны за мінулыя содні зафіксавалі 152 баявыя сутыкненьні, найбольш — на пакроўскім кірунку, дзе загінула беларуска Марыя Зайцава.
Згодна з афіцыйным паведамленьнем, украінцы на пакроўскім кірунку спынілі 73 штурмы і наступы расейскіх войскаў. Напружаная сытуацыя на краматорскім, ліманскім, купянскім і тарэцкім кірунках.
Зацятыя баі адбываюцца ў Курскай вобласьці. Украінскія вайскоўцы адзначылі, што за мінулыя содні адбілі 11 атак расейцаў. Расейскія войскі суправаджалі свае атакі інтэнсіўнымі абстрэламі з баявой авіяцыі і артылерыі.
У Расеі падлічылі колькасьць украінскіх дронаў
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі аб перахопе і зьнішчэньні 55 украінскіх дронаў, у тым ліку 22 — над Бранскай, 12 — над Растоўскай, 10 — над Смаленскай, 6 — над Варонескай, 4 — над Саратаўскай і адзін — над Курскай вобласьцямі.
Традыцыйна ў расейскім ведамстве не ўдакладняюць наступстваў зьбіцьця дронаў на зямлі.
З абласных уладаў толькі губэрнатар Смаленскай вобласьці Васіль Анохін паведаміў аб наступствах атакі. Паводле яго, «на зямлі і дахах асобных будынкаў адбылося ўзгараньне ў выніку падзеньня аскепкаў БПЛА», пашкоджаны вокны жылых дамоў.
Кіраўнік расейскага рэгіёну адзначыў, што людзі не пацярпелі, і назваў «фэйкавай» інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках аб гэтай атацы на Смаленскую вобласьць.
«Гэта робяць адмыслова — для нагнятаньня панікі і дэстабілізацыі сытуацыі. Заклікаю вас давяраць толькі афіцыйным крыніцам інфармацыі і не распаўсюджваць неправераныя зьвесткі, якія могуць быць элемэнтам інфармацыйнай вайны», — напісаў Васіль Анохін у сваім Telegram-канале.
Ва ўкраінскіх крыніцах пераконваюць, што ў Смаленскай вобласьці нібыта зноў пацэлілі ў нафтабазу. Сярод іншых цэляў называюць авіяцыйны завод, тэлевышку і НПЗ.
Ва ўмовах вайны пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю зб незалежных крыніц немагчыма.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум