Былы палітзьняволены з Горадні Вадзім Ермашук паведаміў пра арышт маёмасьці
У Instagram Вадзім Ермашук (блогер Vadimati) апублікаваў апавяшчэньне ад упраўленьня Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці. У ім паведамляецца, што на кватэру блогера ў Горадні 14 студзеня 2025 году наклалі арышт. Вядома, што гэта адбылося на падставе пастановы сьледчага. Аб прычыне арышту ў дакумэнце інфармацыі няма.
«Ня ведаю нават, за што. Да санкцый не заклікаў, расказваў толькі ўсю „жэсьць“, што адбывалася са мной», — пракамэнтаваў блогер.
Вадзім Ермашук (Vadimati) — былы палітвязень. Яго затрымалі ў жніўні 2021 году ў Шчучыне, куды блогер паехаў здымаць ролік. Пасьля 40 дзён адміністрацыйнага арышту на яго завялі дзьве крымінальныя справы — паводле артыкулаў 368 (Абраза прэзыдэнта) і 370 (Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) Крымінальнага кодэксу.
У судзе Ермашук не прызнаў віны ні па адным з артыкулаў і адмовіўся даваць паказаньні. 21 сьнежня 2021 года суд Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці пакараў горадзенца 3 гадамі ў калёніі агульнага рэжыму (судзьдзя Дзьмітры Цівунчык).
Пасьля вызваленьня Ермашук заявіў, што ў зьняволеньні ня меў патрэбнай мэдыцынскай дапамогі.
Форум